Родная мова, простая, шчырая, мілагучная, самая найлепшая ў свеце, са мною ўсё жыццё. У гэтыя лютаўскія дні ў чарговы раз прызнаюся ў любові: «Заўсёды ў маім сэрцы і думках».

Вось сёння слухаю беларускае радыё — радыё нашай краіны. Надышоў выпуск любімай перадачы «Роднае слова». У ім ідзе гаворка пра тое, як пішацца тое ці іншае беларускае слова, пра яго асаблівасці і як вымаўляць па-беларуску. Дзіўная акалічнасць атрымліваецца: за столькі гадоў сяброўства з роднай мовай можна вывучыць яе, але тут зусім іншае. Хочацца больш дасканала ёй авалодаць.
Імкнуся больш цесна пазнаёміцца са спадчынай, якую пакінулі дзяды і прадзеды. У свой час яны не заканчвалі ўніверсітэтаў, для вяскоўцаў імі былі поле, луг, лес, але колькі жыццёвай мудрасці закладзена ў прымаўках, прыказках, выслоўях, фразеалагізмах! Уважліва прачытаеш раз-другі — і, здараецца, знойдзеш адказ на хвалюючыя пытанні.
«Трэба пісаць проста і зразумела, каб раёнку з задавальненнем чыталі ў кожнай вёсачцы», — неаднойчы паўтараў тагачасны галоўны рэдактар газеты «Полымя» Іван Шлык. Сваю любоў да роднага слова і Бацькаўшчыны ён імкнуўся перадаць нам, газетчыкам, і чытачам раёнкі. Пісаць нам было і ёсць аб чым: Карэліччына славіцца сваімі навакольнымі краявідамі. У летнія дзянькі накіруешся ў поле і заўважыш непаўторную прыгажосць: сінявокі васілёк на ўскрайку жытнёвага поля ці вялікія абшары сланечнікаў-прыгажуноў, якія нагадваюць цёплыя сонейкі. Вось і складаюць паэты вершы пра любую Беларусь, на якія затым кампазітары пішуць музыку — і яны глыбока западаюць у душы чытачоў і слухачоў. Коласаўскія радкі «Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы!» вучні школ бяруць эпіграфам да сваіх сачыненняў, у якіх пішуць пра родную Беларусь.
Родная мова вельмі багатая і разнастайная на пранікнёныя словы. Вось, да прыкладу, як можна па-рознаму назваць адну святыню са святыняў — Хлеб: скіба, луста, акраец, каравай. А колькі напісана аб павазе да Яго Вялікасці! Як і да Зямлі-Матухны, якая корміць і поіць, і толькі трэба прыкласці рукі. Мы чытаем гэтыя творы на роднай мове — і наша сэрца перапаўняе гонар за любую краіну.
Часта падчас сустрэч з героямі сваіх будучых замалёвак і нарысаў карэліччане прызнаюцца ў любові да беларускай мовы. «Хочацца ў чарговы раз перачытаць раман Івана Мележа «Людзі на балоце», вельмі падабаецца», — гавораць найчасцей людзі ў сталым узросце. І гэта не выпадкова: аўтар гэтага выдатнага твора пісаў: «Мова — гэта вялікі народны скарб. Яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ».
Галіна СМАЛЯНКА






















