Міхаіл ПАРФЁНКА, Ганаровы ветэран, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, член савета пажылых грамадзян пры Карэліцкім райвыканкаме:
— Мой жыццёвы шлях вылічваецца 77 гадамі. Я адношуся да пасляваеннага пакалення. Як і мае равеснікі, нарадзіўся і жыву ў роднай Беларусі, незалежнай і суверэннай. Больш 30 гадоў таму з увядзеннем інстытута прэзідэнцтва краіна стала на шлях прагрэсіўнага мірнага стварэння.
На нашых вачах умацоўваецца яе незалежнасць на міжнароднай арэне, расце дабрабыт людзей. Беларуская мадэль дзяржаўнасці садзейнічае станаўленню новага жыцця народа, які самастойна будуе свой шчаслівы лёс. І я, як беларус, мае дзеці і ўнукі бязмежна рады гэтым пазітыўным працэсам ва ўсіх сферах дзейнасці.
У савецкі час я нёс службу на Паўночным ваенна-марскім флоце, затым больш 20 гадоў служыў у органах унутраных спраў рэспублікі. Добра ведаю, наколькі важна мацаваць нацыянальную бяспеку, абараняць незалежнасць, падтрымліваць належны правапарадак у роднай краіне.
Усім сэрцам я люблю Сінявокую за яе палі і лясы, рэкі і азёры, за чыстыя вуліцы і дагледжаныя скверы, за яе самабытнасць. Рады, што, нягледзячы на санкцыі нядобразычліўцаў, Беларусь паспяхова развівае эканамічны патэнцыял, становіцца ўсё прыгажэй і магутней. Таму і настрой святочны.
Дзень Незалежнасці стаў сапраўды народным святам з шырокім размахам і беларускім каларытам. Словам, мы зрабілі свой правільны выбар. Беларусь — краіна, дзе хочацца жыць…
Кацярына ЖАМОЙДА, культарганізатар аддзела культуры і вольнага часу «Жухавіцкі Дом культуры», член Маладзёжнага парламента пры Карэліцкім раённым Савеце дэпутатаў:
— Дзень Незалежнасці для мяне — асаблівае свята. Яно ўвасабляе ў сабе моц, дух, багацце, гісторыю, традыцыі нашага народа. Кожны год, дзякуючы гэтаму святу, мы паказваем сваю самабытнасць, што маем права на існаванне. Даказваем, што беларусы — гэта адна вялікая сям’я, якая разам пройдзе ўсе нягоды і выстаіць да канца, дзякуючы сваёй мужнасці і адзінству.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ і з архіва «Полымя»









