Адкрыла нараду начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Наталля Гоцка. Яна выступіла па асноўнай тэме: «Беларусь — краіна магчымасцей. Маладзёжная палітыка на сучасным этапе». Прамоўца засяродзіла ўвагу прысутных на льготах і магчымасцях вучыцца, падтрымцы таленавітай моладзі, праве на працу і іншых накірунках. Падкрэсліваючы вялікае значэнне сям’і для маладых, Наталля Сцяпанаўна нагадала аб існаванні ў нашай краіне льготнага крэдытавання жылля, 11 відаў дапамог для дзяцей, праграмы сямейнага капіталу, субсідый і г. д.
«Разам з тым дзяржава чакае ад юнакоў і дзяўчат актыўнай жыццёвай пазіцыі», — адзначала Наталля Сцяпанаўна. Вялікае значэнне надаецца патрыятычнаму выхаванню. Функцыянуюць валанцёрскі рух і студэнцкія атрады. Самай вядомай з’яўляецца грамадская арганізацыя «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», якая налічвае ў сваіх радах сотні юнакоў і дзяўчат, і яны здольныя здзяйсняць добрыя справы. «Будучае — у руках маладых», — рэзюмавала Наталля Гоцка.
Аб двух важных пытаннях,прафілактыцы наркаманіі і карупцыі, вёў размову намеснік начальніка Карэліцкага раённага аддзела ўнутраных спраў Дзяніс Дзьякаў. У першым выпадку заклікаў звяртаць увагу на паводзіны дзяцей, кола іх сяброў, наяўнасць грошай, асабістыя рэчы. Не павінна быць панікі, а трэба адкрыта пагаварыць з дачкой ці сынам. Дзяніс Алегавіч назваў гэтую праблему сур’ёзнай і заклікаў паведамляць аб фактах наркаманіі ў міліцыю.
Што датычыць другога пытання, карупцыі, трэба памятаць пра адказнасць, якую панясе чалавек, які будзе злоўжываць службовым становішчам і браць хабар. Як бачна, жыццё не стаіць на месцы, і новыя тэхналогіі хутка развіваюцца. Вылічыць хабарніка не складае цяжкасцей, ды і грамадзяне могуць падказаць. У выніку ўзбуджаецца крымінальная справа.
Намеснік начальніка Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Анатолій Шолк узняў кола актуальных пытанняў. Гаворачы пра пажары, падкрэсліў, што асноўнай іх прычынай з’яўляецца неасцярожнае абыходжанне з агнём у нецвярозым стане. У большасці выпадкаў чалавек задыхаецца ад дыму.
У самым разгары — летнія канікулы. Ад бацькоў патрабуецца пільна сачыць за дзецьмі на вадаёмах. Ад дарослых — не злоўжываць моцнымі напоямі, калі вырашылі акунуцца ў празрыстую гладзь ракі ці возера. І што немалаважна: трэба купацца толькі ва ўстаноўленых месцах.
Анатолій Анатольевіч параіў пры наведванні лясоў пазнаёміцца з картай лясгаспадаркі, каб даведацца аб тым, якія месцы можна наведваць. Пры знаходжанні гнёздаў восаў ці шэршняў трэба набраць нумары тэлефонаў: 101 ці 112.
У правядзенні нарады прыняў удзел намеснік старшыні райвыканкама Яўген Чычкан. Ён звярнуў увагу ідэолагаў раёна на правядзенне прафілактычнай работы па дадзеных накірунках у працоўных калектывах і размяшчэнні інфармацыі ў сацыяльных сетках, а таксама на пазачарговыя пасяджэнні камісій, дзе разглядаюць справы аматараў моцных напояў.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Святланы МАЛАХВЕЙ









