Жыццё бацькоў — прыклад для дзяцей. Як і іх праца, старанная і да сёмага поту. Хочацца быць падобнымі на іх: шчыра працаваць і прыносіць карысць. І атрымліваць асалоду ад таго, што робіш штодзённа.
З Аленай Аркадзьеўнай Станчык сустрэліся на ферме «Вялікае Сяло» КСУП «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская». Тут яна працуе жывёлаводам больш дваццаці гадоў. Сваю справу моцна любіць.
— Мяне бацькі прывучылі да гэтай працы, — прызнаецца жанчына. — Бацька быў жывёлаводам, мама працавала даяркай. Я бегала на ферму і, як гаворыцца, круцілася каля іх. Тут пазнаёмілася з прафесіяй жывёлавода.
Маленькая радзіма Алены Аркадзьеўны — вёска Забердава.
У сям’і было трое дзяцей, якія вызначыліся ў жыцці. Брат Уладзімір таксама працуе даглядчыкам жывёлы на ферме «Францішкова» СВК «Свіцязянка-2003».
— Каб быць жывёлаводам, трэба любіць сваю прафесію. У першую чаргу, жывёлу. Яна адчувае добры клопат, — пераканана Алена Аркадзьеўна. — Па-іншаму не магу — прызвычаілася працаваць сумленна і бацькі прывучылі да гэтага.
Пра сваіх дзяцей жанчына сказала коратка і цёпла: «Яны падаліся ў вялікія гарады, і ўжо на сваім хлебе. Пра мяне не забываюць і дапамагаюць — і гэта мяне акрыляе. Радуюся, што ў іх усё добра і мае старанні былі недарэмнымі».
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ























