«Праца і рукі — моцныя зарукі». Народнае выслоўе — пра важнасць працы ў жыцці. Яна аснова асноў, у ёй рупліўца знаходзіць сэнс жыцця, задавальненне для душы, сродкі для існавання.
Працавіты чалавек глядзіць у будучае ўпэўнена, прыкладае ўсе старанні, каб справа спорылася — і перадавік вытворчасці ўшаноўваецца.
У рамках рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод» старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірына Пянькоўская наведала ДП «Царука». Раённы прафсаюзны лідар сустрэлася з прадстаўнікамі жывёлаводчай галіны, якія з адказнасцю ставяцца да даручанай справы. «Ваша праца заслугоўвае самых шчырых слоў удзячнасці. У яе ўкладаеце ўсе свае намаганні і гэтым дапамагаеце мацаваць дабрабыт гаспадаркі. Няхай вашы рукі ніколі не ведаюць стомы, сэрца радуецца толькі добрым навінам, поспех будзе пастаянным спадарожнікам у працы», — адзначыла Ірына Леанідаўна і ўручыла Падзячныя пісьмы райкама прафсаюза і прэміі жывёлаводам.
Сустрэча адбылася напярэдадні веснавога свята — Дня жанчын. Прыемна, што сярод шасці ўзнагароджаных — пяць прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва, розных па характары, узросце, імкненнях, абавязках, а аб’ядноўвае іх любоў да прафесіі ў жывёлагадоўчай галіне.
Алена Рамейка — аператар машыннага даення МТФ «Лядкі». Жыве ў аграгарадку Ярэмічы. На ферме працуе трынаццаты год. Абслугоўвае пяцьдзясят кароў, у дзень ад адной атрымлівае каля дзесяці літраў малака. «Увага да нас, жывёлаводаў, стымулюе, хочацца працаваць яшчэ лепш», — гаворыць жанчына.
Аператарам машыннага даення працуе і Алена Ганчар. Яна шчыруе на ферме «Пагарэлка». У гэтай жа вёсцы і жыве. Пабыўшы ў водпуску па догляду за дзіцем, зноў прыйшла на ферму. У іх — гэта сямейнае: муж Дзмітрый працуе жывёлаводам. Па меркаванні Алены Ганчар, праца патрэбная, толькі трэба з адказнасцю адносіцца да даручанай справы і любіць жывёлу.
Знаёмлюся з Аленай Шымка: яна брыгадзір вытворчай брыгады фермы «Быковічы». На гэтай пасадзе чатырнаццаты год, у гаспадарцы — 25. У калектыве — аператары, жывёлаводы, слесар, ветфельчар — усіх 14 працаўнікоў. «Наш калектыў дружны, узрост — 50+, адзін аднаму дапамагаем», — гаворыць кіраўнік і адначова адзначае, што яны імкнуцца выконваць пастаўленыя задачы, галоўная з іх — павысіць якасць малака. «Я ганаруся тым, што ўношу свой уклад у развіццё жывёлагадоўчай галіны гаспадаркі», — адзначае брыгадзір.
У жывёлагадоўлі ДП «Царука» Аксана Майсак працуе другі год. Яна аператар па штучным асемяненні на фермах Вялікая і Малая Вобрына. Працавала ў адной з лабараторый Навагрудскага раёна. Да сваёй сённяшняй працы ішла мэтанакіравана, скончыла курсы. «Я люблю сваю справу «, — прызнаецца субяседніца.
Год шчыруе на ферме «Баўцічы» цялятніцай Святлана Абрамовіч. Раней была паляводам. «Прыходзілася на палях каменне збіраць, а тут справа іншая. З жывёлай трэба адказна, але душа радуецца: гэта жывыя істоты». Святлана Абрамовіч пераканана: сумленна працуй — і будзе добры вынік.
Гэты залаты спіс перадавікоў сельгасвытворчасці дапаўняе Аляксандр Мацук, які працуе на ферме «Малая Вобрына». Нядаўна пачаў даглядаць цялят, раней жа — буйную рагатую жывёлу. Сам мясцовы: нарадзіўся ў Першамайскім пасёлку, жыве ў Ярэмічах. «Мне падабаецца праца», — коратка сказаў сельскі працаўнік.
Такія яны, людзі нашых вёсак. Адданыя сваёй справе, імкнуцца шчыра працаваць, годна жыць. І шчаслівыя, што прыносяць карысць дзяржаве і мацуюць свой дабрабыт.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ























