4 лістапада Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Загад і Распараджэнне, згодна з якімі больш за 100 работнікаў аграпрамысловага комплексу ўдастоены дзяржузнагарод і Падзякі Прэзідэнта. У іх ліку — токар СВК “Свіцязянка-2003” Віктар Урбановіч, які ўдастоены медаля “За працоўныя заслугі”.
Віктар Міхайлавіч больш за 50 гадоў шчыруе на карысць СВК “Свіцязянка-2003”. Як кажуць яго калегі, гэта чалавек, які без справы сядзець не будзе. Сам майстар прызнаецца, што сваю работу вельмі любіць і душой адпачывае каля станка.
— Увесь час мяне цягнула да гэтай працы. Нягледзячы на тое, што вучыўся я на механізатара жывёлагадоўчай фермы ў Навагрудку, быць токарам для мяне — вялікае шчасце.
Віктар Міхайлавіч родам з вёскі Міратычы, там скончыў школу і паступіў у Навагрудскае СПТВ-26. Пасля заканчэння вучылішча вярнуўся ў родную вёску, дзе прарабіў два гады ў калгасе імя Якуба Коласа.
— Парабіў я няшмат, бо забралі ў армію. Пасля службы пайшоў працаваць на завод станкапрылад у горадзе Баранавічы, дзе і атрымаў прафесію токара. Прыйшоў спачатку вучнем. Мне паказалі, як і што рабіць. Увогуле я хутка асвоіўся і ўжо праз два дні сам працаваў каля станка. Цягнула мяне да гэтага, таму маё навучанне атрымалася такім кароткім.
На заводзе Віктар Урбановіч працаваў два гады, потым вярнуўся ў родны калгас. Прызнаецца, што горад не для яго.
— Праз некаторы час калгас Якуба Коласа аб’яднаўся з калгасам імя Мікалая Гастэлы, і я перайшоў на працу ў Райцу. Праз кароткі час у Міратычах абуладкавалі майстэрню, куды мяне запрасіў былы інжынер Барыс Мікалаевіч Барзус, у якога я шмат чаму навучыўся. Там была ў мяне зварка, такарны цэх, кузня і нават запраўка, дзе я запраўляў трактары. І так восем гадоў. На зіму вярнуўся ў Райцу, нас, токараў, было чацвёра. Памятаю, два гады зімой камбайны рамантавалі. Потым мяне на зваршчыка перавялі, праўда, парабіў няшмат. Увогуле за сваю працоўную дзейнасць, да 2001 года, мяне неаднаразова пераводзілі з месца на месца. І ўжо у 2001 годзе я канчаткова застаўся ў Райцы.
Віктар Міхайлавіч добра памятае, як яго калектыўна праводзілі на пенсію па ўзросце. Расказвае, як былы старшыня сабраў усіх і сказаў яму: “Мы цябе, канешне, адпраўляем на пенсію, але ты павінен яшчэ парабіць і не аднаго чалавека таксама адправіць на заслужаны адпачынак.” Такія словы нездарма прагучалі ў адрас Віктара Урбановіча, бо добры, працавіты чалавек заўсёды будзе ў пашане. Нездарма за сваю бязмерную любоў да працы, сумленнасць, шматлікія намаганні, адказнае выкананне сваіх абавязкаў Віктар Міхайлавіч удастоены медаля “За працоўныя заслугі” .
— Канешне, прыемна, што тваю працу цэняць. Але на самой справе я не імкнуся да ўзнагарод. Проста шчыра раблю сваю работу і моцна люблю яе. Я ж не толькі токар. Да мне за дапамогай звяртаюцца хлопцы. Трэба што падкруціць альбо падтрымаць, альбо знайсці прычыну непаладкі і гэдак далей. Ніколі не адмовіў. Людзі без людзей не могуць.
Калегі пра Віктара Урбановіча кажуць так: “Калі няма працы, Міхайлавіч усё роўна знойдзе, чым сябе заняць. Будзе майстэрню мясці, але без працы не застанецца”.
— За шмат гадоў працы шмат змянілася ў сельскай гаспадарцы, — расказвае Віктар Міхайлавіч. — Раней не было ні інструментаў, ні матэрыялаў, шукалі, дзе толькі маглі. А цяпер пайшла і тэхніка новая, і запчасткі, і разцы – усё ёсць, што неабходна для працы. Узяць працу за станком. Раней яго цэлы дзень не выключаў. Як пачыналі з сямі раніцы, дык і да дзевяці вечара не адыходзячы. А цяпер з васьмі да пяці. Канешне, бывае што зломіцца, дык трэба затрымацца, каб паставіць тэхніку на колы хутчэй, але гэта не так часта. І ўвогуле зараз жыву непадалёк ад майстэрні, у любы час магу падбегчы і дапамагчы. Калі механізатары працуюць, то і я працую. Калі ў іх выхадны, то і ў мяне таксама.
Віктар Урбановіч на пенсіі працуе 12 гадоў. Бывае, ужо і самому хочацца пайсці на адпачынак, і дзеці раяць. Але як прыйдзе на майстэрню, дык адразу думкі пра пенсію пакідаюць.
— А што я буду дома рабіць? Толькі за сваёй гаспадаркай глядзець!? Не, пакуль магу, буду працаваць. І старшыня кажа, каб яшчэ дапамог. Таму я бясконца рады, што займаюся сваёй любімай справай. І моладзі жадаю знайсці сваё прызначэнне, любіць і паважаць тое, чым займаешся.
Кацярына ЖАМОЙДА
Фота аўтара























