Любіць сваю справу — гэта добра. А любіць тых, пра каго клапоцішся, — яшчэ лепей. Праца ў галіне сельскай гаспадаркі — гэта не толькі апрацоўка зямлі, вырошчванне зерня, бульбы, буракоў, атрыманне малака і мяса, але і вырошчванне новага пагалоўя, якое патрабуе ўвагі, шмат намаганняў і бясконцай любові.
Што такое даглядаць цялят, цялятніца МТФ «Людвікі» ДП «Племзавод Карэлічы» Таццяна Каляда ведае не па чутках. 12 гадоў яна клапоціцца пра будучае пагалоўе, і як кажа жанчына, яна ўжо прывыкла да сваіх “малалетачкаў”.
— Я без іх ужо і не магу. Нават калі іду на выхадны, неяк перажываю. Мы прывыкаем да іх, яны прывыкаюць да нас. Нават і галасы нашыя пазнаюць. Паверце, яны адносяцца да нас, як і мы да іх. Калі мы іх любім, то і яны з любоўю адносяцца да нас.
Таццяна Канстанцінаўна 4 гады як працуе на пенсіі, можна было б і пайсці на адпачынак, але яна не гатова пакінуць сваіх “выхаванцаў.”
— Праца ў сельскай гаспадарцы нялёгкая, не кожны зможа. Нават узяць мяне. Я прывучана да працы з дзяцінства, бо сама з сельскай мясцовасці. Але калі сюды прыйшла, адразу было цяжка. Раней насілі малако ў руках, цяпер ёсць малочнае таксі, што аблягчае працу. Не сказаць, што стала зусім лёгка, фізічна ўсё ж такі трэба папрацаваць, але ўмовы значна змяніліся. Пры гэтым адно застаецца нязменным — да нашай працы трэба адносіцца адказна, з асаблівай цеплынёй і любоўю. Бо цяляткі — гэта як маленькія дзеткі.
Кацярына ЖАМОЙДА
Фота аўтара























