Зямля любіць руплівых і старанных. Яна шчодра аддзячвае багатымі ўраджаямі, а хлебаробы заслугоўваюць павагу і пашану па працы. У іх ліку — трактарыст-машыніст СВК «Маяк-Заполле» Мікалай Сяргеевіч Сялецкі, які бездакорна служыць абранай прафесіі больш чатырох дзесяцігоддзяў і ўзнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі». Сёння перадавік сельгасвытворчасці ўспамінае гады працы і разважае аб справе жыцця.
— Мікалай Сяргеевіч, адкуль Вашы карані?
— Я родам з вёскі Амневічы Красненскага сельсавета. Маці ўсё жыццё працавала даяркай, бацька — кавалём і сталяром у калгасе імя Чапаева. У сям’і было васьмёра дзяцей. Бацькі выхоўвалі нас у працы. Час быў нялёгкім, але гэтая навука спатрэбілася ў жыцці. Усе сталі працавітымі людзьмі: з васьмі дзяцей шасцёра выбралі сельскагаспадарчыя прафесіі.
— А як пачынаўся Ваш шлях у прафесію? У колькі гадоў пачалі працаваць у сельскай гаспадарцы?

— З дзесяці гадоў. На кані апрацоўваў сельскагаспадарчыя культуры, шчыраваў на збожжатаку — шуфляваў збожжа. Пасля заканчэння васьмі класаў Валковіцкай сярэдняй школы суседняга раёна паступіў у Навагрудскае СПТВ па спецыяльнасці машыніст-трактарыст. Калі атрымаў правы, прыйшоў на працу ў калгас імя Чапаева трактарыстам на Т-74. Спачатку адрабіў практыку, затым далі новы ДТ-75. Выконваў бульдозерныя і палявыя работы.
— З вопыту працы скажыце, што з’яўляецца асноўным у справе?
— Галоўнае — любоў да зямлі і роднай вёскі. Трэба працаваць сумленна, каб зямля радавала добрымі ўраджаямі, каб не было сорамна за сваю працу.
— Важная роля ў сельгасвытворчасці належыць кіраўніку. Калі ласка, успомніце тых, хто ўзначальваў гаспадарку ў гады Вашай працы.
— Старшынёй калгаса імя Чапаева быў Георгій Канстанцінавіч Ляўкевіч. Затым калгас Чапаева аб’ядналі з калгасам «Маяк», і яго кіраўніком стаў Уладзімір Максімавіч Сатыга. З 1983 па 1986 год калгас «Маяк» узначальваў Мікалай Паўлавіч Санько. У лістападзе 1986 года калгасы «Новае жыццё» і «Маяк» былі аб’яднаны, і старшынёй быў абраны Станіслаў Валяр’янавіч Лычкоўскі. У далейшым кіраўнікамі былі Іван Мікалаевіч Шыш і Віктар Віктаравіч Маковік. Зараз старшынёй СВК «Маяк-Заполле» з’яўляецца Юрый Аляксандравіч Лявонцьеў. Кіраўнікі прыкладалі шмат старанняў для таго, каб гаспадарка развівалася і дабівалася высокіх паказчыкаў, а мы, працаўнікі палёў і ферм, дапамагалі ім у гэтым сваёй сумленнай і штодзённай працай.
— Якія работы даводзілася выконваць у сельскай гаспадарцы?
— Араў, культываваў, сеяў, цюкаваў салому, вазіў яе — адным словам, усё, куды накіроўваў брыгадзір, туды ішоў на працу і стараўся выконваць заданні.
— Вы — камбайнер з вялікім працоўным стажам. Колькі сезонаў давялося працаваць на палетках роднай гаспадаркі? Якая з уборачных засталася ў памяці?
— У 1982 годзе пачаў працаваць на «Ніве» — гэта першы сезон. Усіх было сорак два сезоны ўборачных кампаній.
Асабліва памятны 1984 год, калі далі новы камбайн ДОН-1500. Працаваў з братам Міхаілам — ён быў памочнікам. Жніво — нялёгкая праца, і асноўнае, каб не падвяло надвор’е.
Пра працаўнікоў жніва заўсёды клапаціліся: прывозілі абеды і падвячоркі ў поле, работнікі культуры прыязджалі з канцэртамі, заахвочвалі грашовымі талонамі за выкананне дзённых заданняў. У маладым узросце карцела працаваць на ўборцы збожжавых: праца камбайнераў і памочнікаў аплачвалася добра, і гэта яшчэ больш стымулявала.
— Наколькі часта даводзілася займаць прызавыя месцы ў сацыялістычным спаборніцтве сярод камбайнераў гаспадаркі падчас правядзення жніва?
— Часта хадзіў у перадавіках, бо працаваў шчыра і ад душы. Пачыналі жаць каля 11 і заканчвалі, калі сцямнее. Стараўся больш намалаціць. З кожным годам прыходзілі вопыт і прафесіяналізм. Калі атрымаў новы «Лексіён», малаціў да трох гадзін ночы. Акрамя збожжа, убіраў і трыцікале.
— Відавочна, што для Вас вялікае значэнне мае тэхніка. На чым даводзілася працаваць і як да яе адносіліся?
— Пачынаў з гусянічнага, затым працаваў на МТЗ-1221. На трактары гэтай маркі прадаўжаю рабіць і зараз. Да тэхнікі адношуся акуратна — і яна спраўна служыць.
— Якую дапамогу і ад каго найчасцей атрымлівалі?
— Найчасцей яе аказваў былы ўпраўляючы ўчастка № 2 СВК «Маяк-Заполле» Вячаслаў Аляксеевіч Трафімчык. Ён быў добрым па характары, дасканала ведаў хлебаробскую справу, моцна паважаў людзей працы. Заўсёды заставаўся ў полі да заканчэння палявых работ, за кожнага працаўніка перажываў і даваў канкрэтныя парады. З поля выязджаў толькі тады, як адправіць апошняга трактарыста дамоў. Яго светлы вобраз назаўсёды застанецца ў маёй памяці.
— З кім даводзілася працаваць усе гэтыя гады? Хто з механізатараў вызначаўся стараннымі адносінамі да даручанай справы?
— Калі гаварыць шчыра, усе механізатары былі і засталіся мне блізкімі па духу. Сярод калег хачу адзначыць Мікалая Сцяпанавіча Капацэвіча, Мікалая Іванавіча Багушэвіча, Вячаслава Міхайлавіча Севасцьяновіча, якія працуюць да сённяшняга часу. Няма побач Анатолія Уладзіміравіча Лапаты, Мікалая Якаўлевіча Капуры, Сяргея Сяргеевіча Бязмена — яны ў свой час шчыра працавалі ў гаспадарцы, іх успамінаю з удзячнасцю.
— Яшчэ класік пісаў: «Зямля не зменіць і не здрадзіць, зямля паможа і дарадзіць…» А што Вы скажаце пра зямлю-матухну? Якое месца яна займае ў Вашым жыцці і Вашай душы?
— Зямлю люблю ўсім сэрцам — яна дае сілы і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Шмат гадоў шчыра працую і лічу гэтыя гады самымі шчаслівымі ў жыцці. Яны прайшлі недарэмна — ёсць што ўспомніць. У працы — сэнс майго жыцця.
— Як ні кажыце, Ваша праца не з лёгкіх: рана ўстаць і позна легчы, шчыраваць да сёмага поту. Скажыце, ці было шкадаванне аб тым, чым займаецеся? Ці хацелася нешта змяніць у жыцці, да прыкладу, падацца ў горад?
— Не хацелася. Я паехаў з г.п. Карэлічы, дзё ёсць кватэра. Заўсёды прываблівала вёска, і тут знаходжу занятак для рук. Сэрца радуюць навакольныя краявіды, тут усё роднае і блізкае — і немагчыма нічым замяніць. Гэта трэба проста любіць, і любоў гэту несці дзецям і ўнукам.
— Вы ўзнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі». Што адчувалі падчас уручэння ўзнагароды?
— Гонар за сваю штодзённую працу. Простую і сялянскую, якую высока ацанілі. Мае гады прайшлі недарэмна — я ўнёс свой уклад у агульную скарбонку і прадаўжаю працаваць на карысць Айчыны.
— Сапраўды, Вам даводзіцца шмат шчыраваць на зямлі. А ці маеце любімае захапленне — занятак, акрамя асноўнай працы, які сагравае душу?
— Толькі родная зямля і асабістая гаспадарка. Я селянін у душы, і ім служу ўсё жыццё спаўна. На іншыя захапленні не разменьваюся — прызвычаіўся да таго, што раблю з дня ў дзень і ад усёй душы.
— Мікалай Сяргеевіч, што можаце сказаць пра маладое пакаленне?
— Мая радасць — унучкі Паліна і Насця. Старэйшая ўжо авалодвае прафесіяй повара, меншая яшчэ школьніца. Хачу, каб яны былі заўсёды здаровымі, а над іх галовамі — блакітнае неба. Гэтага зычу ўсім дзяўчатам і юнакам Карэліцкага краю.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ і з архіва УК «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей»
АБ ЧЫМ ПІСАЛА КАРЭЛІЦКАЯ РАЁННАЯ ГАЗЕТА «ПОЛЫМЯ»?
Засінее лён
Звеннявая калгаса «Новае жыццё» Ева Раманаўна Карачан, дэпутат Вярхоўнага Савета СССР, Герой Сацыялістычнай працы, з года ў год атрымоўвае высокія ўраджаі льну. Яе імя даўно вядома за межамі Карэліцкага раёна і нашай вобласці. Яна пабывала ў Слонімскім, Дзятлаўскім, Стаўбцоўскім і іншых раёнах рэспублікі, выступала перад ільнаводамі, раскрывала сакрэты атрымання высокіх ураджаяў паўночнага шоўку.
У гэтым годзе звяно будзе сеяць лён на плошчы 10 гектараў па лепшых папярэдніках, 5 гектараў ужо пасеяна на добра апрацаванай і ўгноенай глебе. Зараз члены звяна на астатняй плошчы рассяваюць па 6 тон арганамінеральных сумесяў, і да 3 мая поўнасцю будзе закончана сяўба.
(«Полымя», № 12, 1 мая 1965 года).
Кукурузаводы далі старт
Кукуруза ў нашым калгасе з’яўляецца асноўнай сіласнай культурай. Таму хлебаробы імкнуцца вырасціць багаты ўраджай зялёнай масы. Пад гэтую культуру падабраны самыя лепшыя ўчасткі. Яны добра запраўлены арганічнымі і мінеральнымі ўгнаеннямі. Пачалася сяўба кукурузы. Першымі прыступілі да гэтай работы вытворчыя ўчасткі, якімі кіруюць Міхаіл Буляк і Серафім Шаманюк. Пасеяна больш 20 гектараў.
Механізатары спаборнічаюць за хуткае і якаснае правядзенне работы. Выдатных поспехаў у працы дабіваецца трактарыст Аляксандр Рахманька. Ён значна перавыконвае зменныя нормы выпрацоўкі.
З. ШЭЎКА, рахункавод калгаса «Новае жыццё».
(«Полымя», № 21, 22 мая 1965 года).
Па працы і зарплата
Для работнікаў нашай свінафермы створаны ўсе ўмовы для плённай працы. Людзі забяспечаны спецвопраткай, ёсць добры чырвоны куток, дзе можна культурна адпачыць у вольную гадзіну. Але галоўнае ў тым, што праца добра аплачваецца. Яна залежыць ад вытворчасці свініны. На нашай ферме за цэнтнер прывагі налічваецца свінарцы 3,5 рубля. Гэта на два рублі менш, чым на механізаваных фермах. Але наш заработак немалы. У асобныя месяцы ён складае ў свінарак 130-140 рублёў.
Гэта асноўная аплата. Праўленне надае вялікае значэнне матэрыяльнаму заахвочванню людзей. Шырока прымяняецца дадатковая аплата. За поўную захаванасць пагалоўя дадаткова выдаецца 8 рублёў. Калі сутачная прывага кожнага адкормніка складае 400 грамаў, то дадаткова выплачваецца 30 капеек, а калі 500 грамаў, то выплачваецца ўжо 50 капеек.
Людзі працуюць з агеньчыкам. Усе работнікі фермы спаборнічаюць за высокую прывагу, за перавыкананне сваіх абавязкаў і дабіваюцца добрых вынікаў.
А. КУДЗІН, загадчык механізаванай свінафермы калгаса «Новае жыццё».
(«Полымя», № 29, 10 чэрвеня 1965 года).
























