Усё працоўнае жыццё Івана Мікалаевіча Шыша звязана з Карэліччынай — у «Маяку-Заполлі» прайшоў шлях ад старшага агранома да старшыні гаспадаркі. Гаспадарка пастаянна была ў лідарах, а працаўнікі палёў і ферм не толькі сумленна працавалі, але змястоўна праводзілі вольны час.

— Іван Мікалаевіч, раскажыце пра сябе.
— Нарадзіўся ў вёсцы Аўсто Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Закончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут па спецыяльнасці «вучоны аграном». Працоўную дзейнасць пачаў рабочым другога разраду на Івацэвіцкім гаспадарча-разліковым участку. З 1979 па 1984 год працаваў старшым аграномам калгаса «Новае жыццё» Карэліцкага раёна. З 1984 па 1990 год — сакратар парткама калгаса «Новае жыццё». З 1990 па 1996 год — намеснік старшыні па сацыяльна-бытавых і ідэалагічных пытаннях калгаса «Маяк». Працаваў намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама. У 1997 г. узначаліў СВК «Маяк-Заполле».
— Адна справа — працаваць у камандзе, няхай і моцнай, а другая — ёй кіраваць. З чым Вы сустрэліся ў першыя гады на пасадзе кіраўніка гаспадаркі?
— Прыйшоў працаваць кіраўніком гаспадаркі ў 1997 годзе. Час быў няпросты, але ў цэлым гаспадарка трывала стаяла на нагах. Падтрымка калег па працы і іх парады былі не лішнімі. У першую чаргу, удзячны старшыні Станіславу Валяр’янавічу Лычкоўскаму, яго намесніку Мікалаю Паўлавічу Санько, загадчыкам вытворчых участкаў Івану Пятровічу Гаваку і Вячаславу Аляксеевічу Трафімчыку, якія былі ад прыроды земляробамі і ўсю душу ўкладвалі ў справу.
— Хто яшчэ аказваў падтрымку і дапамогу ў паўсядзённых гаспадарчых справах?
— Хочацца ўспомніць пра кіраўнікоў раёна Івана Міхайлавіча Шматко і Віктара Леанідавіча Шайбака, начальнікаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксандра Іванавіча Фалейчыка, Мікалая Іванавіча Бязмена, Валерыя Дзмітрыевіча Мітлашкова, Сяргея Васільевіча Барычэўскага, якія ўнеслі свой уклад у развіццё раёна і гаспадаркі.
Па жыцці маім надзейным тылам заўсёды была і застаецца спадарожніца жыцця Зінаіда Іванаўна Шыш. Яна працавала галоўным эканамістам у гаспадарцы і актыўна ўдзельнічала ва ўсіх мерапрыемствах. Як эканаміст добра ведала сваю справу і штомесячна падводзіла вынікі працы вытворчых падраздзяленняў на месцах, што стымулявала працу выканаўцаў. Добрая гаспадыня, цудоўная маці і клапатлівая бабуля, яна была і засталася добрым сябрам.
— Якімі дасягненнямі вылучаўся «Маяк-Заполле» ў галінах раслінаводства і жывёлагадоўлі?
— У раслінаводстве стабільна займаў першыя месцы ў раёне, па асобных накірунках выходзіў пераможцам у абласным і рэспубліканскім спаборніцтвах. У жывёлагадоўлі займалі больш сціплую пазіцыю на той час, але дасягненні былі таксама значныя. Сёння хочацца выказаць словы падзякі ўсім працаўнікам, якія ўнеслі найбольшы ўклад у вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі. Сярод механізатараў гэта Леанід Станіслававіч Дзічко, Мікалай Якаўлевіч Капура, Сяргей Аляксандрававіч Крывапуст, Анатолій Уладзіміравіч Лапата, Мікалай Іванавіч Багушэвіч, Мікалай Сяргеевіч Сялецкі, Вячаслаў Міхайлавіч Севасцьяновіч, Мікалай Сцяпанавіч Капацэвіч, Аляксандр Мікалаевіч Жук, Мікалай Паўлавіч Жук, Валерый Анатольевіч Ложачнік, Валерый Аркадзьевіч Аляшкевіч, Мікалай Мікалаевіч Бязмен, Вячаслаў Леанідавіч Напорка, Анатолій Эдуардавіч Блашко, Аляксандр Анатольевіч Коўжуць, Валерый Іванавіч Шэўка, Аляксандр Іванавіч Шэўка, Вячаслаў Аляксандравіч Фалько, Мікалай Іванавіч Герман, Віктар Міхайлавіч Галавач, Анатолій Леанідавіч Напорка, Сяргей Яўгеньевіч Варановіч, Сяргей Аляксеевіч Напорка; сярод вадзіцеляў — Алег Мікалаевіч Краскоўскі, Мікалай Мікалаевіч Друцька, Сяргей Уладзіміравіч Міхайлоўскі, Аляксандр Вячаслававіч Раковіч, Віктар Іванавіч Барыла, Юрый Міхайлавіч Ярашук, Мікалай Васільевіч Рабко, Юрый Кірылавіч Абрамчык, Міхаіл Міхайлавіч Німяровіч, Аляксандр Аляксандравіч Жукоўскі; сярод жывёлаводаў — Яўгенія Паўлаўна Жук, Ала Андрэеўна Маркузава, Алена Паўлаўна Сафуіліна, Ніна Міхайлаўна Кохан, Святлана Леанідаўна Сідаркевіч, Тамара Аляксандраўна Папко, Мікалай Аляксандравіч Лапата, Яўгенія Паўлаўна Кошур, Ала Канстанцінаўна Краскоўская, Сяргей Аляксандравіч Перавоз; сярод паляводаў — Святлана Пятроўна Касцюк, Марыя Аляксандраўна Шайбак, Наталля Феафанаўна Радзецкая, Яўгенія Васільеўна Крывапуст; сярод будаўнікоў — Аляксандр Мікалаевіч Чужаўка, Іван Сяргеевіч Кошур, Мікалай Мікалаевіч Арабей. Вялікі ўклад у вытворчасць унеслі спецыялісты гаспадаркі, якім можна было даручыць любыя пытанні. Гэта намеснікі старшыні Мікалай Паўлавіч Санько, Валерый Сяргеевіч Брынкевіч, Анатолій Сцяпанавіч Грынюк, Вольга Яўгеньеўна Грыгаровіч; галоўныя аграномы Аляксандр Іванавіч Лежань, Іван Іванавіч Фалейчык, Андрэй Уладзіміравіч Казлоўскі; галоўныя інжынеры Алег Канстанцінавіч Анікій, Віктар Іванавіч Шарыкала; галоўны бухгалтар Таіса Аляксандраўна Анікая, намеснік галоўнага бухгалтара Галіна Міхайлаўна Капацэвіч; галоўныя заатэхнікі Аляксандр Іванавіч Рашатко, Генадзій Эдуардавіч Арабей; галоўны ветурач Віктар Іванавіч Пранкевіч; намеснікі вытворчых участкаў Сяргей Іванавіч Калбаска, Анатолій Мікалаевіч Шэўка; аграном па абароне раслін Міхаіл Мікалаевіч Качан; загадчыкі фермаў Клаўдзія Аляксандраўна Ражко, Мікалай Аляксандравіч Суран, Фёдар Пятровіч Марушка; ветфельчары Ганна Сямёнаўна Малашкевіч, Аляксандр Фёдаравіч Цісевіч, Аляксандр Іванавіч Лецка, Юрый Аляксандравіч Кужалевіч, начальнік свінакомплексу Сяргей Іванавіч Брынкевіч; заатэхнікі-селекцыянеры Юлія Міхайлаўна Калбаска, Іна Аляксандраўна Пілько, Анастасія Антонаўна Філатава; інжынер-будаўнік Мікалай Мікалаевіч Турок, Сяргей Іванавіч Шчэмер; інжынер-энергетык Эдуард Іванавіч Раковіч, інжынеры-механікі Сяргей Аляксеевіч Антончык, Леанід Савельевіч Герман, Мікалай Аляксандравіч Сідо, Леанід Міхайлавіч Шайбак, Мікалай Віктаравіч Сатыга; інжынеры па працаёмкіх працэсах Мікалай Мікалаевіч Аляшкевіч, Мікалай Аляксандравіч Малы, Віктар Іванавіч Пранкевіч.
— Асобна хацелася б успомніць пра галіну льнаводства. На маякоўской зямлі даўгунец умелі вырошчваць, і льнаводы дабіваліся добрых паказчыкаў у працы.
— Вось яны зоркі льнаводства: звеннявыя па вырошчванні лёну калгаса «Новае жыццё» Ева Раманаўна Карачан, якая ўзнагароджана ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі, і Надзея Сцяпанаўна Трускоўская, якая атрымала ордэн Леніна і медалі, ім было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы за поспехі ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак лёну. Прадоўжылі гэтую справу звеннявыя Ганна Іванаўна Жук і Ніна Герасімаўна Башко. Яны былі вельмі адданыя справе, і ў калгасе на працягу дзесяці дзён надвор’я ўбіралі культуру. Прыцягвалі да гэтай справы ўсіх працаўнікоў гаспадаркі, каб своечасова і якасна ўбраць вырашчаны ўраджай. Па ўраджайнасці льновалакна гаспадарка пастаянна займала прызавыя месцы ў вобласці і рэспубліцы.
— У народзе сцвярджаюць: праца і песня побач ідуць. Што ў гэтым накірунку ладзілася на маякоўскай зямлі?
— З 1947 па 1983 год Запольскім хорам кіраваў таленавіты музыка Пётр Мікалаевіч Шэўка. Калектыў прымаў актыўны ўдзел у рэспубліканскіх і абласных аглядах-дэкадах народнага мастацтва. Пры ім быў створаны фальклорны ансамбль «Монічы». У 1989 годзе ў Запольскім СДК быў створаны гурт «Забава». У 1995 годзе яму было прысвоена званне «народны». У Тудараўскім сельскім клубе працаваў фальклорны танцавальны калектыў «Кадрыля тудараўская», які выступаў у раёне, вобласці, рэспубліцы. Хочацца адзначыць старэйшага ўдзельніка Запольскага народнага хору і мясцовага паэта Івана Аляксандравіча Жука, які прысвяціў свае вершы роднаму краю, маляўнічай прыродзе, гераічнаму мінуламу, маладому пакаленню.
— Вы і ў спорце былі не апошнімі.
— Сапраўды, не толькі працай жылі землякі. Яны прымалі актыўны ўдзел у спартыўных мерапрыемствах. Штогод у гаспадарцы праводзілі зімовыя і летнія спартакіяды па 12-14 відах спорту. Лепшыя спартсмены абаранялі гонар гаспадаркі на раённых, абласных, рэспубліканскіх спаборніцтвах. У 1999 годзе каманда калгаса «Маяк» абараняла гонар рэспублікі па перацягванні каната на чэмпіянаце краін СНД і стала пераможцай. У 2000 годзе каманду запрасілі ў Маскву, дзе праходзіў фінал расійскай спартакіяды, і вынікі былі выдатныя: яна ў дзвюх схватках атрымала перамогу. Лётчык-касманаўт Аляксей Лявонаў уручыў маякоўцам залатыя медалі.
— З кім гаспадарка падтрымлівала ўзаемаадносіны?
— Цеснае супрацоўніцтва падтрымлівалі з калгасам «Ванэ» Тукумскага раёна (Латвія) і калгасам «1 Мая» Манькоўскага раёна Чаркаскай вобласці (Украіна). Абменьваліся насеннем і будаўнічымі матэрыяламі, а дэлегацыі пераймалі вопыт.
Плённа супрацоўнічалі з Красненскім сельскім Саветам — вырашалі паўсядзённыя пытанні вяскоўцаў. Са старшынёй Тамарай Мікалаеўнай Лейка і сакратаром Нінай Іванаўнай Суран заўсёды знаходзілі ўзаемаразуменне. Былі наладжаны шэфскія сувязі з Карэліцкай сярэдняй школай № 1, Карэліцкім ПТВ № 125 будаўнікоў, Красненскім дзіцячым садам-сярэдняй школай і Дальнаруцкай базавай школай. Супрацоўнічалі з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях і сельгастэхнікай.
Спецыялісты гаспадаркі былі частымі гасцямі ў школах і праводзілі прафарыентацыйную работу сярод навучэнцаў. Нашы працаўнікі былі пастаяннымі ўдзельнікамі рэспубліканскага свята «Дажынкі».
— Іван Мікалаевіч, Вашы пажаданні сённяшнім працаўнікам СВК «Маяк-Заполле», якія прадаўжаюць справу сваіх папярэднікаў.
— Моцнага здароўя, міру, дабрабыту. І каб кожны пражыты дзень прыносіў задавальненне.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота з архіва героя Публікацыі























