Гісторыя ўтварэння Карэліцкага раёна і стварэння кіруючых органаў

Сёлета спаўняецца 630 гадоў з першага ўпамінання ў летапісах паселішча Карэлічы каля ракі Рута, звязанага з паходам крыжакоў, ідучых на велікакняскі Мір і спыніўшыхся ў Карэлічах. Пасля гэтага, праз два гады, адбыўся абмен дагаворнымі граматамі паміж вялікім князем літоўскім Вітаўтам і вялікім магістрам Тэўтонскага Ордэна Конрадам фон Юнінгенам.

Сучасная тэрыторыя раёна ў прайшоўшыя гістарычныя перыяды знаходзілася ў складзе асобных дзяржаўных утварэнняў, і матэрыял па адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле раёна сканструяваны, зыходзячы з храналогіі падзей. Да X стагоддзя тэрыторыя была ў складзе гісторыка-этнаграфічнага регіёна Панямонне. У сярэдзіне X стагоддзя ўтварылася Полацкае княства — першае дзяржаўнае ўтварэнне эпохі феадалізму. З XI і да пачатку XIII стагоддзяў у Старажытнай Русі, Гарадзенскае княства. У сярэдзіне XIII стагоддзя беларускія землі пачалі аб’ядноўвацца вакол Навагрудка. З пункту гледжання наяўнасці адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення тэрыторыя раёна ў Х-ХIII стагоддзі належала Навагародскаму (Наваградскаму) удзельнаму княству. (Іпацьеўскі летапіс 1236-1237 гг.). Межы княстваў складаліся гістарычна і не вызначаліся заканадаўча. Затым, у сувязі з узбуйненнем, княства атрымала элементы аўтаноміі. У XIII і да сярэдзіны XVIII стагоддзяў у складзе Вялікага Княства
Літоўскага, як Наваградская зямля з 1413 года Троцкага ваяводства, а з 1507 года Наваградскага ваяводства. Першае летапіснае згадванне Наваградскай зямлі — 1117 год.
На пачатаку ХV стагоддзя, калі адбываўся этап фарміравання і станаўлення Вялікага Княства Літоўскага, поўная назва якога з сярэдзіны ХV стагоддзя Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жэмойтскае, была ўведзена такая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка, як воласць. Гэта самая меншая тэрытарыяльна-гаспадарчая адзінка, якая аб’ядноўвала некалькі тэрыторый, сялянскіх абшчын. Пасля воласці былі аб’яднаны ў больш буйныя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі — паветы. У гэты час тэрыторыя раёна ўваходзіла ў склад Наваградскай воласці. Пазней ў Вялікім Княстве Літоўскім былі ўведзеныя новыя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі – ваяводствы. Каля 1504 года ўтварылася Віленскае ваяводства, а ў 1507 годзе са складу Віленскага ваяводства выдзелена Наваградскае, і тэрыторыя раёна адносілася да гэтых тэрытарыяльных адзінак. У 1565-1566 гадах у Вялікім Княстве Літоўскім праводзілася адміністрацыйная рэформа і тэрыторыя раёна апынулася ў Наваградскім ваяводстве Наваградскага павета. Гэта замацавана Статутам Вялікага Княства Літоўскага ў 1588 годзе і праіснавала да канца ХVIII стагоддзя.
У 1569-1795 гадах тэрыторыя раёна ў складзе Рэчы Паспалітай, федэратыўнай дзяржавы, якая ўзнікла ў выніку аб’яднання Польскага каралеўства (“Кароны”) і Вялікага Княства Літоўскага (“Княства”) ці “Літвы”, у якіх была агульная вярхоўная ўлада, праводзілася сумесная знешняя палітыка, але захоўвалася аўтаномнасць. У канцы ХVII стагоддзя ў сувязі з трыма падзеламі Рэчы Паспалітай (1772 г., 1793 г. і 1795 г.) адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне тэрыторыі сучаснага раёна пацярпела істотныя змены. З 1795 года тэрыторыя раёна належыць Расійскай імперыі ў складзе Наваградскага павета Слонімскай губерні і падзяляецца на воласці Жухавіцкая, Карэліцкая, Мірская, Райцаўская, Цырынская і Ярэміцкая. У 1797 годзе Слонімская і Віленская губерні аб’яднаны ў Літоўскую з цэнтрам у Вільні, а павет застаўся Наваградскі. У пачатку 1801 года была падзелена Літоўская губернія і тэрыторыя раёна зноў у Слонімскай (з 9 верасня 1801 года Гарадзенскай) губерні. У 1842 годзе Наваградскі павет быў перададзены Мінскай губерні, і да канца XVIII стагоддзя тэрыторыя раёна ўваходзіць у склад Наваградскага павета Мінскай губерні.
На пачатку ХIХ стагоддзя ўпершыню ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленні з’явілася такое ўтварэнне, як вобласць. У сакавіку 1917 года ўтворана Заходняя вобласць, у якую ўваходзіць і Мінская губерня. У лютым 1918 года тэрыторыя раёна акупавана нямецкімі войскамі, а 22.12.1918 года вызвалена Чырвонай Арміяй. У верасні 1918 года Заходняя вобласць перейменавана ў Заходнюю камуну, якая была ліквідавана пасля абвяшчэння 01.01.1919 года Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь. У лютым 1919 года адбылося аб’яднанне ССРБ і Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Літва ў Літбел (афіцыйная назва – Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі). Да канца лета 1919 года ўся тэрыторыя Літбел занятая польскімі войскамі.
З 1920 года на тэрыторыі сучаснага раёна дзейнічалі Карэліцкі (старшыня Гоцка П.С.), Мірскі (ст. Самец А.С.), Турэцкі (ст. Кеда І.С.), Жухавіцкі (ст. Крапіўніцкі Ф.Ф.), Цырынскі (ст. Гулецкі М.С.) і Райчанскі (ст. Лапацкі С.Дз.) рэвалюцыйныя камітэты (рэўкамы).
З 18.03.1921 года ў адпаведнасцi з Рыжскiм мiрным дагаворам тэрыторыя сучаснага Карэлiцкага раёна была ў складзе Польшчы, Навагрудскі павет, гмiны вясковыя: Карэлiцкая, Цырынская, Райцаўская, і Нясвiжскі павет (з 1926 года Стаўбцоўскі), гмiны вясковыя: Мiрская, Жухавiцкая, Ярэмiцкая (з 1926 года Турэцкая) Навагрудскага ваяводства.
Як утвараўся Карэліцкі раён
З 10.1920 года па 09.1939 года тэрыторыя сучаснага раёна ў складзе Рэспублікі Польшча, а мястэчка Карэлічы з’яўляецца цэнтрам вясковай гміны Навагрудскага павета, і пасёлак Мір — цэнтрам вясковай гміны Нясвіжскага (з 1926 года Стаўбцоўскага) павета. У гэты час на тэрыторыі раёна дзейнічаў Мірскі падпольны райкам КПЗБ і Карэліцкі падпольны падрайкам, затым перайменаваны ў райкам КПЗБ. У 1922-1923 гадах пачалі стварацца першыя камуністычныя арганізацыі ў вёсках сучаснага Карэліцкага раёна (пасёлак Мір, вёскі: Баўцічы, Вялікая Слабада, Возерскае, Горная Рута, Жухавічы, Заполле, Малая і Вялікая Вобрына, Пагарэлка, Сіняўская Слабада, Ярэмічы).
У 1923 годзе быў створаны першы падпольны Ярэміцкі райкам КПЗБ, затым перайменаваны ў падрайкам. З 1924 года ў пасёлку Мір знаходзіўся Нясвіжскі падпольны райкам КПЗБ (затым Мірскі). Яму падпарадкоўваліся падрайкамы: Возерскі, Жухавіцкі, Турэцкі, Ярэміцкі. У 1925 годзе створаны Асташынскі падпольны райкам КПЗБ, які ў канцы года быў пераўтвораны ў Кайшоўскі падрайкам. З 1926 года пад уплывам палітычнай і арганізацыйнай работы падпольных райкамаў КПЗБ і вясковых партыйных ячэек пачаўся ўздым нацыянальна-вызваленчай барацьбы.
У 1927 годзе створаны першы падпольны Карэліцкі падрайкам КПЗБ (сакратар Хваська П.), затым арганізаваны ў Карэліцкі райкам КПЗБ (сакратар Мамчыц К.). Карэліцкаму райкаму падпарадкоўваліся Шчорсаўскі, Руткавіцкі, Горнаруцкі падрайкамы і партыйныя ячэйкі ў навакольных вёсках. Карэліцкі райкам КПЗБ падпарадкоўваўся Баранавіцкаму падпольнаму акруговаму камітэту КПЗБ.
З 1929 года дзейнічае Райчанскі (сакратар Лапацкі С.Дз.), а з 1930 года Цырынскі (сакратар Гулецкі М.С., з 1933 года — Карась Ул.С., затым Наумовіч Ул.А.) падпольныя райкамы КПЗБ.
У 1931 годзе Мірскі райкам КПЗБ быў разгромлены і да Карэліцкага падпольнага райкама КПЗБ далучаны партыйныя ячэйкі вёсак Вялікая Слабада, Лукі, Унехава. У той час райкам знаходзіўся у вёсцы Заполле, як мяркуецца, сакратаром быў І.М. Старыкаў, падпольная клічка “Старык”, затым сакратар Жук Ф.І., пасля Гурын В., Жук Р.Р. З другой паловы 1931 года Карэліцкі райкам КПЗБ падпарадкоўваецца Навагрудскаму падпольнаму акруговаму камітэту КПЗБ.
З ліпеня 1938 года КПЗБ распушчана, супраць яе членаў сфабрыкаваны правакацыйныя матэрыялы і лжывыя абвінавачванні з боку польскіх улад.
З 28.09.1939 года тэрыторыя Заходняй Беларусі па былым беларускім участку мяжы была вызвалена і атрымала назву “Заходняя Беларусь”.
Пастановай Палітбюро ЦК КПБ(б) ад 01.10.1939 года “Пытанні Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі” зафіксавана часовая структура адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення Заходняй Беларусі. З 22.10.1939 года на тэрыторыі Заходняй Беларусі стаў ажыццяўляць сваю дзейнасць вышэйшы Заканадаўчы орган гэтага краю — Народны Сход Заходняй Беларусі. У гэты дзень былі прынятыя чатыры дзяржаўных дэкларацыі, якія рэгламентавалі канфіскацыю памешчыцкай зямлі, нацыяналізацыю зямлі, транспарту, гандлю, далучэнне Заходняй Беларусі да БССР.
З 14.11.1939 года тэрыторыя раёна ў складзе БССР. (ІІІ сесія ВС БССР “Закон аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад БССР”). На тэрыторыі раёна пачалі дзейнічаць валасныя камітэты ў пасёлку Мір і мястэчку Карэлічы, вёсках: Жухавічы, Райца, Турэц і Цырын. Ва ўсіх другіх вёсках дзейнічалі сялянскія камітэты, з дапамогай якіх пачалі стварацца першыя калгасы. Указам Прэзідыума ВС СССР ад 04.12.1939 года ўведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел і створана Баранавіцкая вобласць, паветы: Слонімскі, Нясвіжскі, Лідскі, Баранавіцкі, Навагрудскі, Стаўбцоўскі, Шчучынскі, Валожынскі. Паступова валасныя і сялянскія камітэты спыняюць сваю дзейнасць і перадаюць паўнамоцтвы Саветам дэпутатаў працоўных (сельсаветам). Бюро ЦК КП(б)Б на пасяджэнні ад 04.01.1940 года зацвердзіла канчатковы варыянт праекта раённага дзялення Заходняй Беларусі, а ПБ ЦК ВКП(Б) на пасяджэнні ад 07.01.1940 года зацвердзіла беларускія прапановы аб ліквідацыі паветаў і стварэнні ў заходніх абласцях БССР раёнаў.
Баляслаў НАВІЦКІ, ветэран працы, краязнаўца
(працяг будзе)























