На нашым жыццёвым шляху сустракаюцца людзі-маякі, якія асвятляюць яго ўжо толькі сваім існаваннем. Да таго ж, яны шчыра і рупліва працуюць, і адданасць справе праносяць праз усё жыццё. Любяць навакольнае асяроддзе і імкнуцца захаваць любоў да яго на доўгія гады.
БАЦЬКОЎСКІ КУТ
— Я родам з вёскі Тарасавічы, — пачала аповед Ніна Акімаўна Лабоцкая. — У сям’і было пяцёра дзяцей, я самая малодшая. Матуля працавала паляводам у калгасе імя Дзімітрава, тата, акрамя асноўнага занятку, яшчэ быў партным. Ежа на стале ў нас заўсёды была. Мелі сваю асабістую гаспадарку, да працы прывучаліся з дзяцінства.
Жанчына ўспамінае, як даводзілася рваць дзялкі лёну і палоць буракі. Усё рабілі ўручную, у той час гэта лічылася нормай. Ніколі не скардзілася, так працавалі ўсе вяскоўцы. У працы праходзілі будні: каб жыць, трэба было шчыраваць у калгасе і дома.
У васямнаццаць гадоў Ніна выйшла замуж. Па-сапраўднаму закахалася ў свайго будучага абранніка. Мікалай аказаўся не толькі прыгожым, але з гумарам, выступаў на канцэртах. Так прыйшлося змяніць месца жыхарства, і новым стала суседняя вёска Вялетава. Тут працягвалася яе далейшае жыццё.
РОДНАЕ ПОЛЕ
— Пятнаццаць гадоў адпрацавала звеннявой у калгасе імя Чарняхоўскага, — успамінае Ніна Акімаўна. — У тыя гады былі тры звяна, якімі кіравалі Ніна Сцяпанаўна Свірыд, Тамара Сяргееўна Сілко і я. Мы атрымлівалі добры ўраджай з ільняных палеткаў: 9 цэнтнераў ільнонасення, 11 цэнтнераў ільновалакна, лён ішоў нумарамі 1,0 і 1,5. Вясковыя жанчыны любілі працаваць на льняных палетках.
Ніна Акімаўна на працягу ўсяго жыцця не прапускала моманту, каб не палюбавацца, як цвіце лён. Ён нагадваў у гэты момант блакітнае мора. Адыходзілі ўсе ўспаміны аб нялёгкай працы, і хацелася яшчэ больш прыкладваць рукі да даўгунцу. Роднае поле было і засталося астраўком для працы і душы для яе і членаў звяна, дзе кіпела напружаная праца. Часам слалі лён, калі на небе з’яўляўся месяц. Гэтая праца лічылася начной і няпростай, але яна добра аплачвалася, што стымулявала сельскіх працаўніц.
Старанні звеннявой па лёне былі заўважаны і высока адзначаны: Ніна Акімаўна Лабоцкая ўзнагароджана двума ордэнамі Працоўнай Славы 2-ой і 3-яй ступеняў.
ХЛЕБ — СВЯТОЕ
Акрамя працы на родных палетках, у жанчыны ёсць любімы занятак: яна пячэ караваі, ад якіх немагчыма адвесці вачэй. Майстрыха нагадала выпадак, калі на Карэліччыну прыязджаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, і яго землякі сустракалі каля вёскі Рап’ёва Турэцкага сельсавета. Менавіта яе каравай выбралі з трох спечаных да гэтай сустрэчы і ім сустракалі Кіраўніка дзяржавы.
Ніна Акімаўна гэтую справу не пакінула. Прадаўжае пячы караваі да Вялікадня і Троіцы, а таксама з нагоды юбілеяў родных і сяброў. На кулінарныя справы больш часу ў зімовы час, калі яна можа аддаць любімаму занятку вольныя хвіліны і пачараваць над караваем. «І самой прыемна, і людзям у радасць», — адзначае майстрыха.
У ЗАЛАТЫМ УЗРОСЦЕ
Субяседніца ахвотна паведала і пра іншыя заняткі ў залатым узросце. «Зімою вяжу кругі, шкарпэткі, рукавіцы», — апавядае жанчына і тлумачыць, што гэта яна робіць дзеля таго, каб у першую чаргу распрацаваць рукі, а, па-другое, прыемна ствараць прыгожыя рэчы.
Гаспадыня па-ранейшаму садзіць агародніну.
— Раніцой паднімаюся — і адразу іду, каб паглядзець, якія змены адбыліся за ноч, — прадаўжае Ніна Акімаўна. — Цяпер ужо пачалася ўборка цыбулі, часныка, бульбы. Гэтая праца ў радасць.
У вялікія святы жанчына стараецца наведваць мясцовую царкву ў вёсцы Вялікая Слабада. «Я малюся і прашу здароўя дзецям і ўнукам, — гаворыць яна. — У хаце таксама шмат ікон, галоўная з іх — Божая маці як лепшая памочніца ва ўсіх справах».
У СУЛАДДЗІ З ПРЫРОДАЙ
У вёсцы Вялетава ціха і спакойна. Вочы радуюць навакольныя краявіды. Пры ўездзе ў населены пункт — бярозавы гай. За агародчыкам — палоска жытнёвага поля.
Каля хаты — шмат кветак. У агародчыку расце агародніна і наведзены адмысловы парадак.
— Люблю прыроду, — адзначае субяседніца. — У суладдзі з ёй чалавек становіцца іншым і па-іншаму адносіцца да жыцця. А яно — у штодзённай і руплівай працы. Праца лечыць, дае ўпэўненасць, жаданне жыць, радавацца жыццю. Гэта ўсё тваё і роднае. І ты шчаслівы па-свойму, бо прысвяціў усё жыццё роднай зямлі, якой самааддана служыў і служыш. Вельмі шчыра і ад усяго сэрца.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДА























