Бадай няма той галіны, дзе б ні працавала жанчына. Яе вызначаюць сумленныя адносіны да справы. Яна — працаўніца, гаспадыня, ахоўніца сямейнага ачага.
Спрадвеку паштовы работнік быў паважаны і запатрабаваны. У яго паслугах мелі патрэбу сельскія жыхары і чакалі ў сваім доме як жаданага госця. Аб гэтай прафесіі гутарым з начальнікам паштовага аддзялення аграгарадка Лукі Нінай Андрэеўнай Анікай.
— Ніна Андрэеўна, пошта засталася ў памяці людзей старэйшага пакалення тым любімым астраўком, які прывабліваў па-свойму. Тут можна было выпісаць газеты і часопісы, купіць канверты і паштоўкі, паслаць тэлеграму, атрымаць пенсію, аплаціць камунальныя паслугі і г. д. Чаму Вы спынілі свой выбар менавіта на паштовым аддзяленні?
— Я скончыла Віцебскі электратэхнікум сувязі. Па спецыяльнасці — спецыяліст па абслугоўванні тэлефонных станцый. У нас было ўсесаюзнае размеркаванне. Я выбрала Алтайскі край, дзе адпрацавала тры гады, і вярнулася на Радзіму. Пачала працаваць у Карэліцкім вузле паштовай сувязі, а пасля перавялася ў паштовае аддзяленне вёскі Лукі.
— Вам гэтая праца падабаецца — шмат гадоў аддалі абранай справе. У чым тут галоўны сакрэт?
— На пошце працую больш за трыццаць гадоў. Мне падабаецца, што тут кіпіць жыццё, сюды прыходзяць вяскоўцы і гараджане па розных пытаннях — я рада ім дапамагчы.
— Аграгарадок Лукі — гэта родны куточак ці так распарадзіўся лёс, што жывяце на гэтай зямлі?
— Мая маленькая радзіма — вёска Некрашэвічы. А гэта да Лук рукой падаць. Тут адчуваю сябе сваёй і патрэбнай.
— Калі ласка, нагадайце пра працу паштальёнаў у тыя далёкія гады.
— У той час у паштовым аддзяленні працавалі чатыры паштальёны, яны абслугоўвалі сем вёсак. Людзей у вёсках было ў два разы больш, і іх паштовыя сумкі былі заўсёды поўныя. Іх чакалі ў кожным доме. Яны прыносілі не толькі газеты і часопісы, але радасць у пісьмах і паштоўках, а сэрцы людзей лячылі добрым словам. Людзі былі ўдзячны паштальёнам.
— Сёння наша жыццё немагчыма ўявіць без сацыяльных сетак. І гэта зразумела: у інтэрнэце ёсць шмат карыснай інфармацыі. Якія папулярныя газеты і часопісы існавалі ў першыя гады працы?
— Сярод газет хачу назваць «Правду», «Комсомольскую правду», «Знамя юности», «Белорусскую ниву», «Звязду», а сярод часопісаў — «Работніцу і сялянку», «Гаспадыню», «Вожык», для дзяцей — «Вясёлку», Мурзилку» і іншыя. Людзі выпісвалі ў адну хату па некалькі экзэмпляраў.
— Зараз паштовае аддзяленне не тое, якім было, да прыкладу, дваццаць-трыццаць гадоў таму. Якія паслугі тут аказваюцца?
— Хачу назваць наступныя паслугі: прыём і выдача пасылак, заказных і простых пісем, аплату за камунальныя паслугі і карыстанне мабільнымі тэлефонамі, выплату пенсій, падпіску на газеты і часопісы і паскораную пошту ЕМS і іншыя.
— Здаўна сцвярджалі: адзін у полі не воін. Хто аказвае падтрымку і дапамогу? З кім даводзіцца працаваць у адной камандзе?
— Па-першае, асноўную падтрымку і дапамогу ў паўсядзённай дзейнасці аказвае начальнік Карэліцкага ўчастка паштовай сувязі Лідскага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Гродзенскага філіяла РУП «Белпошта» Таццяна Самец. Па-другое, у адной камандзе працую з паштальёнамі Марыяй Шушкевіч і Наталляй Расюкевіч. Нашы агульныя намаганні накіраваны на тое, каб задаволіць пажаданні нашых наведвальнікаў.
— Якія рысы характару стараецеся выпрацаваць у сабе, каб паспяхова ішлі справы ў аддзяленні?
— Добразычлівасць, увагу да людзей, імкненне ім дапамагчы, стараюся выслухаць і пачуць кожнага.
— Прафесію паштовага работніка можна назваць толькі жаночай?
— У гады маёй маладосці начальнікам Лукскага аддзялення паштовай сувязі працаваў Мікалай Шавейка з вёскі Лукі, а паштальёнам — Іван Макоўскі з вёскі Далматаўшчына.
— Акрамя любімай справы, ёсць захапленні, якія саграваюць душу?
— Зімою люблю вязаць розныя рэчы, а летам як сельская жыхарка папрацаваць у агародзе. Як прадстаўніца старэйшага пакалення люблю чытаць мастацкую літаратуру.
— А начальнік паштовага аддзялення любіць чытаць газеты і часопісы?
— Вядома. Чытаю газеты «СБ сегодня» і «7 дней», часопіс «Однако жизнь», раённую газету «Полымя».
— Вы шмат гадоў аддалі любімай справе. Чаму прадаўжаеце працаваць на пенсіі?
— Я ўсё жыццё працую і без любімай справы не ўяўляю свайго жыцця, яна складае яго сэнс.
— Што цэніце ў людзях лукскай зямлі, акрамя працавітасці, якой ім не пазычаць?
— Люблю добрых, шчырых, уважлівых людзей, і такіх на лукскай зямлі пераважная большасць, і гэта радуе.
— Мы вядзём гутарку з нагоды аб’яўленага 2026 Года беларускай жанчыны. Можаце назваць сябе шчаслівай жанчынай?
— Я магу назваць сябе шчаслівай жанчынай. У мяне ёсць дом, дзеці, унукі і любімая праца.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота
Кацярыны ЖАМОЙДЫ























