Першая пенсія
Нядаўна мне, састарэлай калгасніцы, паштальён прынёс першую пенсію. Якое гэта шчасце, калі аб працоўным чалавеку наша дзяржава праяўляе такія вялікія клопаты. Зараз аб старасці не трэба думаць, яна забяспечана.
У нашым калгасе атрымліваюць пенсіі многа састарэлых калгаснікаў, ім таксама штомесяц паштальёны прыносяць радасць у хату.
А. ЯРМОЛА,
калгасніца сельгасарцелі «Расія».
(№ 1, 6 красавіка 1965 года).
У дождж і ў сонца
Жыве ў вёсцы Вялетава малады чалавек. Сціплы, сумленны. І работа яго сціплая. Уладзімір Аляксандравіч Кныш працуе сельскім паштальёнам. На яго даставачным участу налічваецца 153 двары. Ім Уладзімір Аляксандравіч дастаўяе больш 350 экзэмпляраў газет і часопісаў. Людзі ахвотна тут выпісваюць і чытаюць газеты, таму што іх своечасова, нягледзячы на рознае надвор’е, — у дождж і завіруху, зімой і летам — дастаўляе паштальён Кныш.
Апрача таго, Уладзімір Аляксандравіч займаецца яшчэ і другой справай. Ён з’яўляецца бібліятэкарам перасоўкі ад Мірскай пасялковай бібліятэкі. І на гэтай рабоце тав. Кныш працуе выдатна.
Ю. ВАЛАСЕВІЧ,
работнік Турэцкага
аддзялення сувязі
(№ 6, 17 красавіка 1965 года).
Пятнаццаць год працуе паштальёнам Канстанцін Міхайлавіч Будоль, і кожны дзень жыхары вёсак Вялікае і Малое Абрыно чакаюць яго, як самага дарагога госця. На першы погляд, здаецца, што ён выконвае зусім радавую работу. Уручыў пісьмо ці газету і ўсё на гэтым. Памыляецца. Наш Міхайлавіч у сваю працу ўкладвае ўсю душу. Заўсёды знойдзе суцяшальнае слова для тых, хто атрымаў сумную вестку і парадуецца разам з тымі, каго сваім прыходам ашчаслівіў.
Ад двара да двара, з тоўстай сумкай на рамні, крочыць Канстанцін Міхайлавіч. І людзі ўсміхаюцца паштальёну.
В. ЦАРУК,
калгас імя Царука.
(№ 6, 17 красавіка 1965 года).
З сумкай, поўнай радасцей
На свеце ёсць многа прафесій харошых. Ды гэтай нельга змяніць ні на якую другую. Іменна так спяваецца ў папулярнай песенцы пра паштальёна.
Іменна так думае і Адам Антонавіч Уласевіч. Вось ужо 15 год ходзіць ён ад хаты ў хату. Разносіць людзям пісьмы, газеты, святочныя тэлеграмы і пасылкі. Участак у Адама Антонавіча вялікі — 168 двароў. Работы многа. Ды, нягледзячы на свае шэсцьдзясят год, ён спраўляецца, як малады. У час разнясе газеты, а іх прыходзіць штодзень на вёску Забердава і Скрышава 350 экземпляраў. Раз у месяц 110 чалавек атрымліваюць з рук Антонавіча пенсіі. Спатрэбіцца каму скрынка для пасылкі — і яе захопіць паштальён.
Вялікі дзякуй Адаму Антонавічу за яго прыкладную працу.
Н. МЯНЬКОЎСКІ
(№ 86, 9 верасня
1965 года).























