Мінулы 2025 год быў азнаменаваны важнымі для краіны падзеямі: 80-годдзем Вялікай Перамогі, электаральнай кампаніяй па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і другім пасяджэннем VII Усебеларускага народнага сходу, дэлегаты якога прынялі Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026-2030 гады і задалі вектар дзеянняў на наступную пяцігодку. У Год добраўпарадкавання мы, беларусы, у чарговы раз праявілі згуртаванасць і адзінства ў рэалізацыі ініцыятыў, накіраваных на стварэнне камфортнага і спрыяльнага асяроддзя для жыцця, працы і адпачынку.
Шматлікія палітычныя, патрыятычныя і грамадскія мерапрыемствы, акцыі і форумы, удзел у рабоце сесій і падрыхтоўцы законапраектаў – дзейнасць дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання Аляксандра Сонгіна насычаная і актыўная.
– Асабістыя прыёмы грамадзян, сустрэчы ў працоўных калектывах і з насельніцтвам, дыялогавыя пляцоўкі, пасяджэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, сесіі мясцовых Саветаў дэпутатаў – важныя напрамкі работы даюць магчымасць аб’ектыўна ацэньваць сітуацыю ў акрузе, вызначаць, якія праблемы найбольш хвалююць людзей і як вырашаюць іх мясцовыя органы ўлады. Акрамя таго, для нас, заканадаўцаў, гэта добрая магчымасць вывучаць, як працуюць законы на справе, ці патрэбна іх удасканаленне і ў якіх сферах, – адзначае Аляксандр Генрыхавіч.
Асаблівая ўвага – эканоміцы
– У мінулым годзе Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання было праведзена дзве сесіі, прынята 75 законаў, праведзена 27 пасяджэнняў у Авальнай зале, – канстатуе парламентарый. – Гэтай рабоце папярэднічала актыўная дзейнасць камісій, узаемадзеянне з урадам і іншымі дзяржаўнымі органамі. Адным з прыярытэтных напрамкаў у законатворчасці стала сфера нацыянальнай бяспекі: унесены змяненні ў законы аб ваеннай арганізацыі, ратыфікаваны дагавор аб узаемадзеянні з Расійскай Федэрацыяй у рэгіянальнай групіроўцы войскаў, а таксама ўзмоцнена адказнасць за парушэнні, у тым ліку ў сферы выкарыстання беспілотных лятальных апаратаў.
У ліку ключавых – праваахоўная дзейнасць. Парламентарыі ўнеслі змяненні ў Крымінальны, Адміністрацыйны і Крымінальна-выканаўчы кодэксы, а таксама прынялі Закон аб амністыі да 80-годдзя Вялікай Перамогі. Асаблівая ўвага была ўдзелена эканоміцы, прыняты важнейшы бюджэтна-падатковы пакет на 2026 год. Дэпутаты Палаты прымалі ўдзел у падрыхтоўцы да Усебеларускага народнага сходу, удзельнічалі ў фарміраванні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026-2030 гады, уносячы прапановы, абагульненыя падчас працы з выбаршчыкамі на месцах.
Аляксандр Сонгін уваходзіць у склад рабочых груп Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па супрацоўніцтве з парламентамі Азербайджанскай Рэспублікі, Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі, Рэспублікі Таджыкістан. Удзельнічаў у сустрэчы рабочых груп па супрацоўніцтве парламентаў Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Таджыкістан, дзе абмяркоўваліся пытанні далейшага развіцця міжпарламенцкіх кантактаў і ўзаемадзеяння на міжнародных пляцоўках. Таксама прымаў удзел у рабоце семінара Палаты прадстаўнікоў «Беларусь-Афрыка: актуальныя пытанні ўсебаковага супрацоўніцтва ва ўмовах шматпалярнага свету», у семінары-нарадзе «Інвестыцыйны і экспартны патэнцыял беларускай эканомікі» ў Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень».
Адукацыя, культура і навука
– Як намесніку старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, мне важна было ўдзельнічаць у распрацоўцы законапраектаў. Так, у мінулым годзе вялася работа над праектам Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні законаў па пытаннях прававой аховы аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці», які быў прыняты ў першым чытанні 11 лютага бягучага года. На пашыраным выязным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы, якое прайшло ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, прыняў удзел у абмеркаванні актуальных пытанняў арганізацыі работы па ідэалагічным і грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі, падтрымцы адораных навучэнцаў, развіцці ў іх цікавасці да навукі і інавацый, – расказвае дэпутат.
У выбарчай акрузе
Аляксандр Сонгін не толькі прадстаўляе інтарэсы сваіх выбаршчыкаў на ўзроўні парламента, але і пастаянна ўдзельнічае ў жыцці сваёй акругі, якая аб’ядноўвае Навагрудскі, Карэліцкі і частку Лідскага раёна. Гэта дапамагае ўбачыць сітуацыю ў цэлым у рэгіёне, параўнаць, як жывуць людзі ў суседніх раёнах, што іх хвалюе.
– У рабоце з грамадзянамі не бывае нязначных праблем, – перакананы Аляксандр Генрыхавіч. – Да мяне звяртаюцца з рознымі пытаннямі, і ні адно не застаецца без увагі. Многае вырашаецца на месцы і тлумачыцца грамадзянам падчас прыёму. Па найбольш сур’ёзных праблемах накіроўваюцца запыты ў адпаведныя органы мясцовага і дзяржаўнага кіравання, іх рашэнне знаходзіцца на асабістым кантролі.
Асноўнае кола пытанняў, якія хвалююць грамадзян, датычыцца якасці аказання жыллёва-камунальных паслуг, добраўпарадкавання і землекарыстання, будаўніцтва і ўтрымання дарог, медыцыны, паляпшэння транспартнага абслугоўвання. Спектр вельмі шырокі: ад работы адпаведнай галіны ў цэлым да прыватных выпадкаў і маёмасных спрэчак паміж сваякамі. Трэба сказаць, што жыхары акругі сталі радзей звяртацца з праблемамі, звязанымі з добраўпарадкаваннем. Гэта сведчыць аб тым, што многае ў дадзеным напрамку вырашаецца. Таксама людзі прыходзяць са сваімі прапановамі па ўнясенні змяненняў у заканадаўства, ідэямі, якія датычацца той ці іншай сферы іх жыццядзейнасці. Парламентарый падкрэслівае, што для яго вельмі важны давер выбаршчыкаў, іх жаданне ўнесці свой уклад у развіццё нашай краіны, рэгіёна, роднага горада ці вёскі. Прыёмы грамадзян і «прамыя лініі» – гэта магчымасць пагутарыць з жыхарамі, даведацца, чым яны жывуць, а таксама ўбачыць прабелы ў тых ці іншых заканадаўчых актах.
За 2025 год дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Аляксандрам Сонгіным праведзены шэраг прыёмаў грамадзян і юрыдычных асоб, аказана дапамога ў вырашэнні праблемных пытанняў у рамках заканадаўства. Добрай практыкай стала правядзенне сумесных з кіраўніцтвам раёна выязных пашыраных прыёмаў, якія прайшлі ў Брольніцкім сельвыканкаме, Карэліцкім і Лідскім райвыканкамах. Сустрэчы з выбаршчыкамі праходзілі і падчас адзіных дзён інфармавання насельніцтва.
– 2025 год прайшоў пад знакам 80-годдзя Вялікай Перамогі. Памяць пра Вялікую Айчынную вайну – неад’емная частка нашай ідэнтычнасці і культурнай спадчыны. Яна дапамагае нам захоўваць і перадаваць гістарычную праўду наступным пакаленням, каб ніколі не забываць пра тых, хто абараніў мір і свабоду для нас. Для мяне вялікі гонар мець магчымасць павіншаваць са святам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, разам з выбаршчыкамі прайсці парадам-шэсцем, прысвечаным Дню Перамогі, у Навагрудку, узяць удзел у іншых мерапрыемствах, прымеркаваных да гэтага свята. Таксама браў удзел у пасяджэнні парламенцкіх чытанняў «Партызанскі рух і падпольная барацьба ў Беларусі: гераізм і стойкасць народа ў імя Перамогі», якое прайшло ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, – працягвае парламентарый.
– У мінулым годзе прайшлі выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Роля Кіраўніка дзяржавы ў захаванні міру, важнасць выбараў для краіны і кожнага грамадзяніна, дасягненні Беларусі за гады незалежнасці, – гэтыя пытанні сталі галоўнымі ў час маіх сустрэч з выбаршчыкамі, – адзначае Аляксандр Генрыхавіч. – Праведзены шэраг сустрэч з працоўнымі калектывамі Карэліцкага, Навагрудскага і Лідскага раёнаў, з насельніцтвам па месцы жыхарства, а таксама маніторынгі выбарчых участкаў. Знакавай падзеяй стала другое пасяджэнне VII Усебеларускага народнага сходу, якое вызначыла стратэгічныя напрамкі развіцця Беларусі на бліжэйшыя пяць гадоў ва ўсіх ключавых сферах. Дэлегаты разумелі, што за тыя рашэнні, якія прыняты, адказвае персанальна кожны з нас і ўсе мы разам. Вядома, гэта вялікая адказнасць, але і магчымасць абмеркаваць найважнейшыя палітычныя і эканамічныя пытанні, разам прыняць важныя для краіны рашэнні.
У Год добраўпарадкавання дэпутат браў удзел у мерапрыемствах, накіраваных на стварэнне і падтрыманне зручных, бяспечных і сучасных умоў жыцця людзей. Парадак і чысціня – візітная картка Беларусі. І гэта адказнасць не толькі дзяржавы, але і кожнага жыхара. Разам з землякамі ўдзельнічаў у акцыях па навядзенні парадку, азеляненні і стварэнні камфортнага асяроддзя. Пад кантролем былі рамонтныя работы ў спартыўнай зале Мінойтаўскай сярэдняй школы, ініцыяваныя Аляксандрам Сонгіным у сувязі са зваротам грамадзян, арганізацыя харчавання ва ўстановах адукацыі, падрыхтоўка да аздараўлення дзяцей у лагеры «Спадарожнік» Лідскага раёна.
Сярод шматлікіх сустрэч – першае пасяджэнне Маладзёжнага савета пры Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, сустрэча з першакурснікамі Навагрудскага гандлёва-эканамічнага каледжа, закрыццё трэцяга працоўнага семестра ў Навагрудку, удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным 105-годдзю Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Сустракаючыся з навучэнцамі, дэпутат імкнецца данесці маладому пакаленню, што ў нашай краіне моладзі прадстаўлены шырокія магчымасці для навучання, рэалізацыі сябе ў прафесіі, творчасці, спорце. Бясплатная адукацыя, гарантаванае першае працоўнае месца, падтрымка маладых спецыялістаў – трэба шанаваць гэта і берагчы.
– Актыўна ўдзельнічаю ў пасяджэннях Гродзенскага выканаўчага камітэта, у рабоце сесій абласнога і раённых Саветаў дэпутатаў, раённых выканаўчых камітэтаў, – дадае Аляксандр Генрыхавіч. – У ліку прыярытэтаў – удзел у найбольш значных грамадска-палітычных мерапрыемствах, якія праводзяцца ў акрузе, у мерапрыемствах, прысвечаных дзяржаўным святам, у акцыях «Нашы дзеці», «Ад усёй душы», «Падары цяпло дзецям», «Збяром дзяцей у школу», урачыстасцях, дабрачынная дзейнасць.
– Паважаныя выбаршчыкі! Сардэчны дзякуй вам за ўсё, што мы робім разам. Асабліва ўдзячны кіраўніцтву Карэліцкага, Навагрудскага, Лідскага раёнаў, грамадскім арганізацыям, работнікам прадпрыемстваў і ўстаноў, усім жыхарам, хто прымае жывы ўдзел у жыцці нашай акругі. Дзякуй кожнаму з вас, хто давярае, падтрымлівае і імкнецца ўнесці ўклад у развіццё нашай краіны, раёна, роднага горада ці вёскі. Перакананы, што ваша актыўная грамадзянская пазіцыя, нацыянальнае адзінства і жаданне жыць у мірнай краіне дазволяць нам і надалей захоўваць мір і незалежнасць, плённа працаваць на карысць Радзімы, – сказаў у завяршэнні размовы Аляксандр Сонгін. – Ад усёй душы жадаю вам і вашым блізкім моцнага здароўя, дабрабыту, шчасця і дабра ў кожнай сям’і, міру і росквіту роднай Беларусі!























