У маім пажылым узросце часта ўспамінаецца мая родная вёсачка Антанёва, дзе нарадзіўся і прайшло маё дзяцінства. Вёска Антанёва знаходзіцца ў Налібоцкай пушчы, з усіх бакоў яе абступаюць бары са стройнымі соснамі, елкамі ды бярозамі кучаравымі. Як сведчыць летапіс, у ХІХ стагоддзі пан Антон выселіў сюды шэсць сем’яў, якія не падпарадкоўваліся яму. Тады людзі раскарчавалі ў лесе паляну, дзе пабудавалі свае будынкі і вырабілі свае палеткі, каб вырошчваць сабе гародніну, збажыну і іншыя прадукты.
Жыццё не стаяла на месцы, нараджаліся дзеці, вырасталі, будаваліся. Неўзабаве пабудавалі пачатковую школу, клуб. Вёсачка разраслася, стала вёскай з 36 будынкамі. Электрычнасці ў нас у той час, калі я нарадзіўся, не было. У нашай сям’і было трое дзяцей: старэйшая сястра Люда, малодшая Аня і я, серадняк. Увечары мы збіраліся каля печкі (грубкі), маці паліла яе і гатавала вячэру, а бацька распавядаў нам пра свой удзел у вайне з фашыстамі. З яго ўспамінаў, як і ўсе мужчыны-беларусы, у ліпені 1944 года быў прызваны на фронт. Служыў у 64-м стралковым палку стралком, затым некаторы час быў кавалерыстам, пазней — радыётэлефаністам.
У студзені 1945 года 171 стралковы полк, дзе служыў бацька, быў перакінуты да Варшавы. Там яму давялося ўдзельнічаць у баях за вызваленне Варшавы і фарсіраваць Віслу. За ўдзел у жорсткіх баях бацька ўзнагароджаны медалём «За вызваленне Варшавы». У красавіку 1945 года полк накіравалі ва Усходнюю Прусію. Ехалі ў таварных вагонах, недаядалі. На станцыях мясцовыя жыхары кідалі ў эшалоны сырую бульбу. Сапраўдным пеклам бацька называў баі за вызваленне Кёнігсберга, якія ішлі з 6 па 9 красавіка 1945 года. Тата казаў, што гэта была сапраўдная мясарубка. Барацьба ішла за кожны сантыметр зямлі, чырвонай ад крыві. Далей яны гналі акупантаў да самага Берліна. Ён быў сведкам сапраўднай гістарычнай падзеі, калі 1 мая 1945 года над Рэйхстагам салдаты нашай арміі Ягораў і Кантарыя ўзнялі Сцяг Перамогі. За гэты бой тата атрымаў медаль «За ўзяцце Берліна».
Але пасля доўгачаканага Дня Перамогі ваенная служба не закончылася. Дэмабілізаваўся і вярнуўся дамоў ён толькі ў сакавіку 1948 года. Доўга яму снілася вайна, былі чутныя загады камандзіраў, стогны параненых таварышаў, у сне ён часта крычаў: «Гітлер капут». Седзячы каля печкі, ён часта нам спяваў песню: «Вставай, страна огромная, вставай на смертный бой».
Тата пасля вайны працаваў у калгасе «Чырвоных партызан» жывёлаводам, а пасля, да самай пенсіі, у Шчорсаўскім лясніцтве лесніком.
Былы франтавік разам з жонкай Марыяй Мікалаеўнай выхавалі нас, траіх дзяцей, дачакаліся ўнукаў. У гэтым годзе франтавіку Васілеўскаму Аляксею Уладзіміравічу споўнілася б 100 гадоў.
Памяць аб ім жыве ў нашых сэрцах заўсёды.
Мікалай ВАСІЛЕЎСКІ, вёска Міратычы.























