Калі сёння пачынаюць весціся размовы аб стварэнні нейкай “мяккай сілы” для дэстабілізацыі ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў нашай краіне, гэта пачынае непрыемна здзіўляць! Можна разумець паліттэхнолагаў з-за мяжы: яны не пакідалі і не пакінуць сваіх намаганняў, каб як мага больш жорстка ўскладніць сітуацыю ў Беларус, каб займець яшчэ адну “гарачую кропку”, у бездані якой будуць круціцца карумпаваныя сродкі ды ўзбагачаць адзінкі “праўдашукальнікаў”. Сёння насельніцтва ў пэўнай сваёй большасці не праняць папулісцкімі лозунгамі аб “заможнай і еўрапейскай” Беларусі. Сёння кожны працоўны чалавек ясна ўсведамляе, што заможнасць і дабрабыт як пэўнай асобы, так і краіны ў цэлым залежыць толькі ад прадукцыйнай і выніковай працы кожнага, прычым працы ў спакойных, ясна прагназуемых умовах, у полі ясна вызначанага заканадаўства і канкрэтна вызначаных арыенціраў.
Няўжо прадстаўнікі “мяккай сілы” разлічваюць на поспех у сацыяльна-эканамічным развіцці ва ўмовах майдана-рэвалюцыйнай разрухі? Бо што яшчэ, акрамя гэтага, можа прынесці адмаўленне ад тых сацыяльных стандартаў, якімі жыве краіна?
Беларусь сёння абрала свой няпросты шлях развіцця, калі нават палітыка заходніх санкцый не прымусіла кіраўніцтва дзяржавы адмовіцца ад пабудовы і развіцця менавіта сацыяльна-арыентаванай мадэлі існавання грамадства.
Эканамічныя і палітычныя стабільнасць і прадказальнасць сённяшняй Беларусі сталі сапраўднымі паказчыкамі яе міжнароднага аўтарытэту, аб якім яскрава сведчыць удзел краіны ў значных міждзяржаўных аб’яднаннях, адкрытасць кіраўніцтва краіны да дыялогу і канструктыўнага супрацоўніцтва з сусветнымі лідэрамі.
Гэты аўтарытэт узнік не ўчора. На яго карысць працавалі мы ўсе! І што, сёння ці заўтра трэба адрачыся ад усяго набытага за гады суверэнітэту на карысць нейкіх ілюзорных і заведама катастрафічных крокаў, да якіх заклікае “мяккая сіла”? Пэўне ж, гэта можа зрабіць толькі той, у каго “мяккія мазгі”! А беларусы ведаюць, дзеля чаго працавалі і будавалі сваю дзяржаву! І з гэтай дарогі нам ужо аніяк не збочыць, сябры!























