
Дзень аўтамабіліста з нецярпеннем чакаюць тыя, хто сядзіць за рулём машыны, тыя, хто падчас паездкі ўглядаецца ў далеч дарогі. А яшчэ яны штохвілінна рызыкуюць сваім жыццём, бо дарога непрадказальная.
Прафесія вадзіцеля, па сутнасці, у наш час здаецца самай звычайнай. Але без такіх людзей распешчаная разнастайнымі выгодамі цывілізацыя можа спыніцца. Сёння герой аповеду, кіроўца з вялікай літары, Анатолій Андрэюк. Ён амаль 42 гады адпрацаваў вадзіцелем у ААТ «Карэліцкая сельгастэхніка».
Нарадзіўся Анатолій Антонавіч у в. Бербашы Мірскага сельскага Савета ў 1961 годзе. Бацька ўсё жыццё працаваў загадчыкам фермы ў в. Любна, а маці на гэтай жа ферме даглядала цялят. Пасля заканчэння Мірскай школы спачатку працаваў паляводам у калгасе «Нёман», атрымаў пасведчанне вадзіцеля і пайшоў служыць у армію. Вярнуўшыся дадому, уладкаваўся вадзіцелем бензавоза ў родную гаспадарку. У сельгастэхніцы працуе з 1983 года. За ўвесь час даводзілася перавозіць розныя грузы, апошні час кіруе “малакавозам”.
– Ніколі не бачыў сябе ў іншай прафесіі, – гаворыць Анатолій Антонавіч, – як любы хлапчук, у дзяцінстве цікавіўся аўтамабілямі. А ўжо калі пачаў працаваць кіроўцам аўтамашыны, то канчаткова зразумеў, што цікавей для мяне прафесіі няма. Праца кіроўцам – гэта пастаянны рух, новыя месцы і знаёмствы.
Любоў да прафесіі – вось галоўная мерка яго вадзіцельскай дзейнасці. А прафесійная значнасць Анатолія Антонавіча не раз была адзначана Ганаровымі граматамі і Падзякамі кіраўніцтва арганізацыі.
– Дарога можа быць выбоістай, звілістай, часам непраходнай. Гледзячы на зменлівыя карціны скрозь шкло аўтамабіля, часам мы адчуваем спякоту і бачым непагадзь. Дарога, як і жыццё, не бывае без перашкод. Трэба ўмець праходзіць іх з гонарам, з павагай да справы, якой мы займаемся. Сядаючы за руль, мы бяром на сябе адказнасць за бяспеку на дарозе. Каб яе несці, трэба захоўваць ясны розум, свежасць думак і духу. Аптымізм – верны сябар у нашай працы, – заключае суразмоўца.
Акрамя таго, што Анатолій Антонавіч высокапрафесійны кіроўца, ён яшчэ любячы муж, добры бацька і клапатлівы дзед, які вольны ад работы час праводзіць з сям’ёй і з вялікім задавальненнем дзеліцца з унукам сакрэтамі рыбака.
Вось так міжвольна прыходзіш да высновы: сапраўдным упрыгожваннем нашага Карэліцкага краю з’яўляюцца працавітыя і сціплыя людзі, якія прысвяцілі сваё жыццё абранай справе, якія аддаюць ёй свой вопыт, прафесіяналізм, а галоўнае – вялікую любоў і адданасць. Яны не прывыклі да ўшанаванняў і славы, але іх жыццё і штодзённая праца – гэта крыніца чалавечай мудрасці і самаахвярнасці.
Дырэктар ААТ «Карэліцкая сельгастэхніка» Аляксандр Барыла расказаў пра паказчыкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці арганізацыі:

Аб’ём вытворчасці прадукцыі, работ і паслуг за 9 месяцаў 2024 года склаў 2858,8 тыс. руб., у тым ліку: па рамонтна-мантажным участку – 762,6 тыс. руб., па аўтатранспарце – 1689,5 тыс. руб., па мехатрадзе – 405 тыс. руб.; валавы даход па гандлёвай дзейнасці – 1,7 тыс. руб. Выручка за 9 месяцаў бягучага года – 3827 тыс. руб., чысты прыбытак – 97 тыс. руб. Аб’ём грузаабароту роўны 3007,8 тысяч тона-кіламетраў.
На палі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Карэліцкага раёна вывезена 141,4 тысячы тон арганічных угнаенняў, унесена ў глебу 34,1 тысяч тон. Правапнавана 0,96 тысячы гектараў кіслых глебаў, унесена 5 тысяч тон вапнавых матэрыялаў.
Аляксандр Мікалаевіч расказаў, што галоўнымі прыярытэтамі ў рабоце арганізацыі была і застаецца высокая якасць аказваемых паслуг:
– Мы ўсе разумеем, што ад нашай суладнай і добрасумленнай працы, адданасці прафесіі і пачуцця адказнасці за даручаную справу ў значнай ступені залежыць функцыянаванне складанага народнагаспадарчага механізму. Робім усё, што ад нас залежыць, для росквіту раёна, а таксама дабрабыту самой арганізацыі, – адзначае кіраўнік.
Кацярына КУКАНАВА
Фота Сяргея СТОЛЯРА























