«Не трэба заглядваць у пашпарт» — жыццесцвярджальнае пажаданне, якое некалькі гадоў таму мне выказала сяброўка дзяцінства. У сваю чаргу яна прытрымліваецца гэтага правіла: на пенсіі прыехала ў бацькоўскую хату, шчыруе на зямлі і радуецца новаму дню.
Этапы ўзросту
І ўсё ж, калі надыходзіць старасць? У кожнага будзе свой адказ. Магчыма, мая зямлячка мае рацыю. Наш узрост вызначаецца не па пашпарце, а тым, як мы сябе адчуваем. Адзін можа адчуваць сябе старым у сорак-пяцьдзясят, другі ў семдзясят-восемдзясят прадаўжаць весці актыўны лад жыцця.
Нядаўна ў сацыяльных сетках трапілі на вочы цікавыя звесткі. Сусветная арганізацыя аховы здароўя прыняла такую класіфікацыю: малады ўзрост — 18-44; сярэдні — 45-59; пажылы — 60-74; старэчы ўзрост — 75-90; доўгажыхарства — 90+. І зноў жа, па дадзеных САЗ, старасць вызначаецца не толькі ўзростам, але зменамі ў фізічным і псіхалагічным стане арганізма.
Працуеш — і жывеш
Мы пазнаёміліся на адной з раённых нарад. Мяне вельмі зацікавіла гэтая жанчына: штосьці незвычайнае было ў поглядзе. Хацелася больш даведацца пра яе. Ёй крыху больш за семдзясят — яна прадаўжае працаваць. Любімай справе прысвяціла ўсё свядомае жыццё. Абранай прафесіі ў медыцыне і людзям Карэліцкага краю служыць амаль паўстагоддзя. «Працуеш — і жывеш», — адзначыла суразмоўца.
Ва ўсе часы праца была і засталася ў пашане. Працавітага чалавека паважаюць і яго ставяць у прыклад іншым. Выказваюць словы падзякі, уручаюць узнагароды і падарункі. Вось і ў дні жніва на Карэліччыне прадстаўнікі мясцовай улады і лідары прафсаюзаў прыязджалі на збожжавыя палеткі да хлебаробаў, дзе ішла напружаная барацьба за кожны каласок, а хлеб на стале — гэта іх руплівая праца, і за гэта — наш нізкі паклон.
Занятак — у асалоду
Надыход пенсійнага ўзросту многія чакаюць з вялікім нецярпеннем, каб заняцца любімай справай. Другія не спяшаюцца на заслужаны адпачынак, не ўяўляючы, чым будуць запоўнены будні. Праходзіць месяц-другі — і ўсё становіцца на сваё месца. Чалавек знаходзіць занятак па душы і пачынае радавацца таму, што ствараюць рукі.
Шматлікія сустрэчы з героямі замалёвак паказвалі, што сярод нас жыве нямала майстроў сваёй справы. І сапраўды, чым яны толькі ні займаюцца! Галоўнае: захапленне ім — у асалоду. Многія любяць прыгожае на зямлі — садзяць каля дамоў кветкі. Глядзіш на клумбы ў квецені — і сэрца замірае ад хараства.
Любяць гаспадыні ўвіхацца і ў сваіх агародчыках. Здаўна павялося, што трэба садзіць агародніну, і для жанчын на пенсіі — гэта любімы занятак. Яны даглядаюць расліны, а восенню збіраюць ураджай. Занятак ім у радасць, хоць лёгкім не назавеш. «Затое ж сваё і вырашчанае сваімі рукамі», — гавораць гаспадыні.
Ёсць яшчэ захапленні, якія радуюць вочы: карціны, вышыванкі, вязаныя рэчы. Іх ствараюць майстрыхі, кожная з іх таленавітая па-свойму, і іскрынку свайго таленту дорыць людзям. І не менш важна: час на пенсіі праводзіць з карысцю.
Клопат і радасць
На нашым падворку каля шматпавярхоўкі ў летнія дні было ажыўлена: тут збіралася дзетвара. Хлопчыкі і дзяўчынкі завіталі на канікулы да бабуль і дзядуль. Гэта старэйшым у радасць, хаця з’явіўся і клопат. Малыя такія ўвішныя, нельга ўпускаць іх з поля зроку. Старэйшыя не скардзяцца — унукі, як сонечныя промнікі, прыносяць у іх будні святло.
Даўно ўжо не здзіўляюся таму, калі суразмоўцы пачынаюць размову пра дзяцей і ўнукаў. І трэба чуць, з якім замілаваннем яны гавораць пра сваіх зорачак: яны ў іх самыя найлепшыя і самыя таленавітыя. Слухаеш людзей паважанага ўзросту — і радуешся іх мацярынскім пачуццям і жаночаму шчасцю. Аказваецца, для яго трэба няшмат: каб поўніліся іх дамы дзіцячымі галасамі. Няхай і клопатней, але гэта сваё і роднае, і робіць жыццё на пенсіі больш змястоўным. І гэта людзям паважанага ўзросту ў вялікую радасць.
Боская міласць
«Старасць — гэта міласць Боская. У старасці Гасподзь дае час падумаць, пакаяцца, ачысціцца. Але калі ў старасці душа не імкнецца да Бога — тады страшна».
«У маладосці чалавек будуе, у сталасці жыве, а ў старасці — рыхтуецца да сустрэчы з Богам. І калі старасць не прысвечана Богу, то яна пустая».
«Старасць — гэта не канец, а пачатак мудрасці. Малады моцны целам, але слабы духам. А пажылы, паспытаўшы боль, страты, радасці і пакаянне, становіцца мяккім сэрцам і цвёрдым у веры. Цаніце старасць — сваю і чужую. У ёй — благаславенне Божае».
Меркаванні старца Ілія Ноздрына нагадала пасля сустрэчы з паломнікамі, якія накіраваліся ў Хрэсны ход з нагоды 800-годдзя Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра. Хочацца, каб іх прачыталі і пераасэнсавалі людзі залатога ўзросту. Мае суразмоўцы, удзельнікі Хрэснага ходу, удзячны Госпаду: менавіта вера дапамагае ім у жыцці.
Галіна СМАЛЯНКА, вядучая праекта «Актыўнае даўгалецце 65+»























