"Адданым будзь краю
Ты сэрцам, душою..."
Мікалай Мікалаевіч Ложачнік з аграгарадка Турэц — з кагорты тых, хто ўнёс свой уклад у станаўленне Карэліцкага раёна. Працуючы на розных пасадах, ён усе веды, старанні і вопыт аддаваў дзеля яго росквіту, а з нагоды юбілею дзеліцца сваімі ўспамінамі.

— Мікалай Мікалаевіч, Вашы карані з Карэліччыны?
— Так, я сапраўды карэліцкі. Нарадзіўся ў вёсцы Жукі Красненскага сельсавета. Мае бацькі ўсё жыццё працавалі на зямлі: маці — паляводам, бацька — паляводам і будаўніком. Гэтую любоў перадалі і мне. Доўгі час працаваў у сельскай гаспадарцы раёна, на пенсіі — на прысядзібным участку вырошчваў агародніну.
— Як склаўся Ваш працоўны лёс?
— Працоўная дзейнасць пачыналася з Воранаўскага раёна пасля заканчэння Віцебскага ветэрынарнага інстытута ў 1970 годзе. На Карэліччыну прыехаў пасля службы ў радах Савецкай Арміі ў 1972 годзе і працаваў у калгасе імя Дзмітрава ў якасці галоўнага ветэрынарнага ўрача. Затым быў сакратаром партыйнай арганізацыі калгаса. У 1976 годзе калгас імя Дзмітрава далучылі да калгаса імя Чарняхоўскага, я займаў пасаду намесніка старшыні праўлення калгаса.
Наступная працоўная лесвіца — райветстанцыя: галоўны спецыяліст і намеснік галоўнага ветурача. Пасля гэтага ўзначальваў свінагадоўчы комплекс "Вялетава" калгаса імя Чарняхоўскага. Перад выхадам на пенсію ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама займаў пасаду вядучага спецыяліста ў галіне заатэхніі.
— Карэліцкі раён ва ўсе часы славіўся высокімі дасягненнямі. Што сёння можаце ўзгадаць?
— Мне запомнілася вялікая зала пасяджэнняў райвыканкама, дзе стаяла восем-дзесяць Пераходных Сцягоў, якія ўручалі лепшым працоўным калектывам па выніках работы за год. Асабліва душа радавалася, калі іх уносілі ў залу сцяганосцы. Мною авалодваў гонар за Карэліцкі раён і людзей, якія ўмелі шчыра працаваць і добра адпачываць.
— За дасягненнямі — чалавек працы. Каго хацелася б успомніць, хто ў тыя гады добрасумленна выконваў свае прафесійныя абавязкі і заслугоўваў слоў асаблівай падзякі?
— Іх было шмат. Пастараюся ўспомніць самых шчырых працаўніц, на кім ляжала цяжкая ручная праца кармлення, даення і догляду жывёлы. Гэта Соф'я Саладчук (Вялікая Слабада), Ганна Ракач і Лідзія Смалянка (Чыжыноўцы), Марыя Кныш і Антаніна Галецкая (Тарасавічы), Таіса Бабарыка (Загор'е), Данута Янкоўская (Некрашэвічы), якая, дарэчы, была яшчэ маці дзесяці дзяцей, і многія іншыя.
Глыбока запалі ў душу раённыя кіраўнікі: першы сакратар Карэліцкага райкама партыі Аляксандр Аляксандравіч Яновіч і начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Яўгеній Мікалаевіч Вырко — інтэлігентныя, граматныя і чулыя людзі, вельмі ўважлівыя да запытаў простых грамадзян.
— Хто з жыхароў роднай вёскі Жукі застаўся ў памяці?
— Вельмі шчыра пісаў пра родны кут Іван Жук — мясцовы паэт з вёскі Жукі. Сапраўды, наша вёска была цудоўнай. У тыя гады налічвала каля 50 дамоў, у якіх жылі цэлымі пакаленнямі, працавітыя, адкрытыя, добрыя аднавяскоўцы. У адным са сваіх вершаў паэт заклікае: "Адданым будзь краю ты сэрцам, душою" і "Кроч смела наперад дарогай адною..." Усцешвае, што мае землякі гэта рабілі і робяць на працягу шматлікіх гадоў.
— Які ўклад уносіла і ўносіць у развіццё Карэліцкага раёна Ваша сям'я?
— Жонка Ганна Лявонцьеўна прысвяціла медыцыне 55 гадоў і зараз прадаўжае працаваць загадчыцай Ушанскага фельчарска-акушэрскага пункта. Яна стаіць на варце аховы здароўя вяскоўцаў, што з'яўляецца для людзей састарэлага ўзросту вельмі важным.
Сын Ігар — вучоны сакратар музея "Замкавы комплекс "Мір". Ён моцна любіць сваю справу і прыкладае ўсе старанні, каб пра гэтую славутасць даведалася як мага больш турыстаў.
— Хочацца нагадаць словы з песні: "Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць..." Ці давялося Вам, акрамя роднай старонкі, дзесьці яшчэ быць?
— Я нёс службу ў Польшчы і выступаў за валейбольную каманду савецкай арміі ў ГДР. Па волі лёсу давялося пабываць у Крамлёўскім Палацы з'ездаў у Маскве на экскурсіі, калі быў сакратаром партыйнай арганізацыі калгаса, на экскурсіях — у Венгрыі і Чэхаславакіі. Для мяне Беларусь — мая Радзіма, і даражэй за яе і родную зямлю нічога няма ў свеце.
— Ці авалодвала шкадаванне аб тым, што звязалі свой лёс з вёскай, што шмат і шчыра працавалі і што не паехалі ў вялікі горад?
— Падчас вучобы ў інстытуце была мара: паехаць на працу, дзе б былі зямля, вада і рыба. Усё жыццё працую на прысядзібным падвор'і, непадалёку — рэкі Уша і Сэрвач і бацька-Нёман. Як гаворыцца, ёсць праца, рыба, адпачынак.
— Што пажадаеце землякам з нагоды юбілею Карэліцкага раёна?
— Людзям залатога ўзросту жадаю моцнага здароўя, чыстага неба і ніякай бяды, а маладым — любіць Радзіму, адзін аднаго, ствараць сем'і і мацаваць Карэліччыну сваёй добрасумленнай працай.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота з архіва героя публікацыі