Упраўляючы ўчастка № 1 СВК "Маяк-Заполле" Іван Пятровіч Гавака амаль пяцьдзясят гадоў самааддана служыць абранай справе. Яго праца адзначана ордэнам Пашаны і шматлікімі ўзнагародамі. Карыстаецца вялікай павагай сярод калег па працы і аднавяскоўцаў.
Падчас сустрэчы журналіст раённай газеты "Полымя" пацікавілася яго адносінамі да Радзімы, працы, вяскоўцаў і таго, чым напоўнена душа сельскага працаўніка.
— Іван Пятровіч, сорак восем гадоў таму, 10 сакавіка, Вы пачалі пісаць сваю працоўную біяграфію. Што адчуваеце сёння праз вялікі адрэзак часу ў гэты веснавы дзень?
— Вельмі хутка, але не дарэмна прайшоў гэты час. Радасць ад таго, што паспеў шмат зрабіць, і хваляванне ад таго, што не ўсё, што хацелася б. Увогуле, на душы хораша, што служу зямлі і людзям.
— Мне хацелася б засяродзіць увагу на трох кітах: вёсцы, полі, людзях. Што яны значаць у Вашым жыцці?
— Вёска — гэта сэнс майго жыцця. Я не люблю гарадскога шуму і мітусні, мне падабаюцца шырокія далягляды, спеў птушак, шум лістоты, блакіт неба і навакольныя краявіды. Поле — маё жыццё, і я стараўся рабіць усё магчымае, каб кожны гектар даваў максімальную аддачу збожжа, бульбы, буракоў, кукурузы і іншых культур. Вяскоўцы для мяне — сапраўдны скарб, і ў гэтым пераконваўся год ад году: яны ўмелі шчыраваць і дапамагалі мне як маладому спецыялісту моцна стаць на ногі.
— Брыгадзір у тыя далёкія гады быў жаданым госцем у кожнай вясковай хаце, запрашаў на працу у калгас, быў дарадцам і памочнікам у паўсядзённых клопатах.
— У першыя гады працы я стараўся навесці парадак на сваім вытворчым участку, дапамагаў людзям, чым мог, а яны імкнуліся мне аддзячыць. Нягледзячы на сваю маладосць, паводзіў сябе як патрэбна на сваёй працы, вяскоўцы пацягнуліся да мяне, падтрымлівалі чым маглі. Я ўдзячны ім за ўсё добрае, што яны зрабілі для мяне і роднай гаспадаркі, і за тое, што за столькі гадоў прырос да зямлі і стаў яе гаспадаром.
— Хто быў для Вас настаўнікам — даваў парады і падтрымліваў у справах, падстаўляў плячо ў складанай сітуацыі, адкрываў сакрэты прафесійнага майстэрства?
— Я ўдзячны лёсу за тое, што прыехаў па размеркаванні пасля заканчэння Навагрудскага сельскагаспадарчага тэхнікума на Карэліччыну ў калгас "Новае жыццё", які ўзначальваў Станіслаў Валяр'янавіч Лычкоўскі. Ён убачыў ва мне ўлюбёнага ў зямлю і адданага вясковай справе, і гэта прыдавала мне жаданне працаваць як мага лепш. Шмат дапамагалі мне ў маёй працы тагачасныя галоўны аграном Аляксандр Іванавіч Лежань, намеснік старшыні Анатолій Сцяпанавіч Грынюк, сакратар партыйнай арганізацыі калгаса Серафім Міхайлавіч Шаманюк. Іх, на жаль, няма сярод нас, але яны засталіся ў маёй памяці.
Я з удзячнасцю ўспамінаю былога старшыню калгаса "Маяк-Заполле" Івана Мікалаевіча Шыша, механіка па сельгасмашынах Мікалая Аляксандравіча Сідо, галоўнага агранома Івана Іванавіча Фалейчыка.
Карыстаючыся выпадкам, хачу нагадаць і пра адданых справе кіраўнікоў раёна: Аляксея Аляксандравіча Яновіча, Івана Аляксандравіча Базевіча, Яўгена Мікалаевіча Вырко, Віктара Леанідавіча Шайбака, якія імкнуліся ўсё зрабіць для таго, каб Карэліччына квітнела з кожным годам, а яе працаўнікі жылі дастойна.
— СВК "Маяк-Заполле", як і яго папярэднікі, славіцца добрымі дасягненнямі ў працы. Што можаце сказаць у гэтым накірунку?
— Вытворчы ўчастак № 1 на працягу пятнаццаці гадоў займаў першае месца ў раёне па ўраджайнасці збожжа, бульбы, кармавых буракоў, лёну. Заўсёды былі ў прызёрах, калі не першае, то другое ці трэцяе месцы займалі ў сацыялістычным спаборніцтве сярод вытворчых участкаў раёна.
— Вядома, што за поспехамі — руплівая і старанная праца маякоўцаў. Каго б хацелася сёння ўспомніць, хто ўносіў дастойны ўклад у агульную скарбонку гаспадаркі?
— У тыя часы вясковыя людзі былі надзвычай працавітыя — паляводы, механізатары, вадзіцелі. Яны не баяліся ніякай працы, не лічыліся з асабістым часам, у іх на першым плане былі калгасныя, а затым дамашнія клопаты. Яны пакінулі добры след на зямлі і засталіся ў маім сэрцы.
— Згадзіцеся, немалая Ваша заслуга, як упраўляючага ўчастка сельгаскааператыва, чыя праца высока адзначана ордэнам Пашаны. Нагадайце, дзе атрымлівалі высокую ўзнагароду і што адчувалі ў тыя хвіліны?
— Шмат было ўзнагарод за гады працы. Гэта і ордэн Пашаны, і шматлікія медалі, Падзячныя пісьмы, граматы, а вытворчы ўчастак быў узнагароджаны аўтамабілем "Масквіч" і тэлевізарам "Таўрас". Гэтыя ўзнагароды — заслуга працаўнікоў усяго вытворчага ўчастка. Ордэн Пашаны мне ўручаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Калі гаварыў з намі, хацелася слухаць і слухаць. Так гэта было шчыра. Прэзідэнт размаўляў з намі, як з сябрамі. Запомніўся яго моцны поціск рукі і вельмі прыемная ўсмешка. З намі правялі цікавую экскурсію па Палацы Незалежнасці, дзе я быў упершыню, і гэта незабыўны момант у маім жыцці.
— Па прафесійным абавязку мне даводзілася прысутнічаць на раённых мерапрыемствах, дзе Вы не раз давалі наказ маладым і рабілі гэта па-бацькоўску шчыра і ад усёй душы. Што сёння скажаце юнакам і дзяўчатам?
— Сумленна працуйце на карысць Радзімы, усім сэрцам любіце родны куточак, шануйце сваіх бацькоў, імкніцеся дарыць акружаючым дабрыню сваіх сэрцаў, каб потым не пашкадавалі аб сваіх учынках і маглі смела глядзець людзям у вочы.
— Што значыць Карэліччына для Вас, і ці стала яна другой радзімай?
— Я родам са Стаўбцоўскага раёна. Карэліччына для мяне ўжо на першым месцы. Тут пражыў сорак восем гадоў. Хаця бываю па магчымасці ў родных мясцінах, а гэта Хутар-Барок. Там пахаваны бацькі, а ў суседніх вёсках жывуць сваякі, якіх стараюся праведаць.
— Зямля любіць дбайныя адносіны, залатыя рукі, гарачае сэрца і ні ў якім разе не дапускае раўнадушша і ляноту, хаця працу на зямлі лёгкай не назавеш. Ці пашкадавалі Вы калі-небудзь аб сваім выбары?
— Абсалютна не. Прапановы заняць іншую пасаду былі і шмат, але застаўся верны абранай справе, вытворчаму ўчастку, свайму "Маяку".
— Жыццё ў сельскай мясцовасці адной толькі працай не абмежавана. Ці даводзілася шчыраваць на прысядзібным участку, весці асабістую гаспадарку, садзіць соткі бульбы ў полі, апрацоўваць калгасныя дзялкі буракоў, лёну і г.д.?
— Усё рабіў, і дзялкі былі, якія апрацоўвалі з жонкай Святланай Іосіфаўнай. Садзілі бульбу і вялі асабістую гаспадарку. На ўсё і заўсёды хапала часу. Стараліся, каб было так, як у вяскоўцаў.
— Якія прафесіі выбралі Вашы дзеці? Ці звязалі свой лёс з родным куточкам — у іх жа быў побач яскравы прыклад бацькі — служэння Радзіме, бездакорнай працы, любові да наваколля, павагі да людзей?
— Сыны Мікалай і Аляксандр — настаўнікі, і я лічу гэтую прафесію патрэбнай. Мікалай — настаўнік Красненскай сярэдняй школы, а Аляксандра лёс затым прывёў у сталіцу, і зараз ён працуе на іншай рабоце. У мяне дзве ўнучкі Ева і Варвара, унук Міша, гэта наша ўцеха.
— Рускі пісьменнік Антон Паўлавіч Чэхаў пісаў: "У чалавека павінна быць усё цудоўна: і твар, і адзенне, і душа, і думкі". Што Вы цэніце ў людзях?
— Сумленнасць, працавітасць, імкненне быць патрыётам сваёй Радзімы.
— Акрамя любімай справы, у чалавека звычайна бывае тое, што сагравае яго душу. У Вас ёсць захапленне?
— У мяне практычна не бывае вольнага часу, але я стараюся наведваць спартыўныя мерапрыемствы ў раёне і сталіцы. Шмат чытаю кніг, газет, часопісаў. Перыядычныя выданні выпісваю, бо цікаўлюся тым, што адбываецца ў свеце.
— Мы пачыналі гутарку з вясны. Скажыце, Вы любіце гэтую пару года — яна ж нясе шмат клопатаў для хлебаробаў?
— Вясна — любімая пара года з дзяцінства. Памятаю, як хлапчуком рабіў шпакоўні. Менавіта гэтай парой усё ажывае, абуджаецца прырода, і чалавек па-іншаму глядзіць на навакольны свет, будуе свае планы, а затым усё робіць для таго, каб яны збыліся.
— Іван Пятровіч, чытачам раённай газеты "Полымя" будзе прыемна пачуць ад Вас пажаданні.
— Моцнага здароўя, поспехаў ва ўсім, мірнага неба.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ і з архіва героя публікацыі