
Многія людзі памылкова лічаць, што выхад на пенсію — гэта штосьці накшталт канца свету: маўляў, жыццё губляе сваю прывабнасць, актыўнасць, сэнсавую напоўненасць і разнастайнасць; апускаюць рукі, паддаюцца апатыі, маркотнаму настрою. І гаючым паратункам ад такога стану душы з'яўляецца любімае хобі, заняцца якім дагэтуль не хапала часу. А хобі, як вядома, — гэта тое, што чалавек робіць з задавальненнем, чаму спяшаецца прысвяціць свой вольны час, не заўважаючы, як бягуць хвіліны і гадзіны, па-новаму адкрываючы для сябе цікавыя асаблівасці любімага занятку, знаходзячы ў людскім асяроддзі сяброў, аб'яднаных агульнымі інтарэсамі. Ёсць хобі — значыць жыццё працягваецца, і пенсійны ўзрост якраз спрыяе магчымасці максімальна прысвяціць сябе любімаму захапленню, адчуваць радасць і дзяліцца ёю з іншымі, раскрываць сакрэты актыўнага даўгалецця.
Аб гэтым не па чутках ведае жыхарка г.п. Карэлічы, працуючая пенсіянерка (пасля выхаду на заслужаны адпачынак уладкавалася вартаўніком у дзіцячы садок № 1 гарадскога пасёлка), Людміла Іванаўна Абросімава, з якой даўно карцела пазнаёміцца бліжэй. Яе хобі, хоць і не рэдкае, але распаўсюджаным для людзей пенсійнага ўзросту ў нашым раёне не назавеш. Яна любіць падарожнічаць. Вось чаму з першых хвілін сустрэчы з гэтай абаяльнай, энергічнай, цікавейшай суразмоўцай задаю ёй мноства пытанняў, шчырыя адказы на якія пераўтварылі звычайную гутарку ў захапляльны аповед, падмацаваны сотнямі фотаздымкаў, аб унікальнасці свету, яго таямнічасці, прыгажосці, індывідуальнай своеасаблівасці розных краін з іх самабытнай культурай, гісторыяй, традыцыямі. Стала відавочным: для Людмілы Іванаўны падарожжы — не проста паездкі, а магчымасць напоўніць душу багатымі ўражаннямі, пашырыць свой кругагляд, навучыцца супастаўляць і параўноўваць, прыўнесці нешта новае ў звычайны рытм асабістага жыцця, зразумець вялікую адказнасць чалавецтва за прадастаўленне жыцця на зямлі.





Першыя паездкі экскурсійнага характару адбыліся, калі Людміла Іванаўна вучылася ў Карэліцкай СШ: у 8-ым класе — у г. Вільнюс, у 9-ым — у г. Ленінград. Бадай, тады ўжо зарадзілася мара пабываць у многіх краінах, адкрыць для сябе цікавыя мясціны, паглядзець, як жывуць людзі. Мара акрэпла, калі дзяўчына вучылася ў г. Пушкін пад Ленінградам, атрымлівала прафесію кветкавода-дэкаратара і з сяброўкай, ураджэнкай Карэліі, ездзіла да яе дамоў. Прырода Карэліі, помнікі архітэктуры ўразілі Людмілу да глыбіні душы, яна, што называецца, "захварэла" жаданнем адкрываць невядомыя старонкі акружаючага свету. Замужжа, нараджэнне сыноў не пашкодзіла ажыццяўленню мары, і ў гэтым вялікая заслуга мамы, якая дапамагала, падтрымлівала, за што Людміла Іванаўна ёй вельмі ўдзячна. Пераехаўшы па сямейных абставінах у Карэлічы, маладая жанчына пачала адкрываць для сябе родную Беларусь. "У нас вельмі шмат цікавейшых мясцін, у нас — неапісальная навакольная прыгажосць, — прызнаецца яна. — Многія маршруты ў Беларусі мною яшчэ нязведаны, іх пакідаю на потым, калі будзе цяжкавата адпраўляцца ў далёкія паездкі, таму зараз штогод выбіраю для сябе туры па еўрапейскіх краінах, краінах бліжняга ўсходу". На сённяшні дзень няўрымслівая падарожніца наведала 22 дзяржавы, уключаючы Беларусь і рэспублікі былога Савецкага Саюза. Скандынавія запомнілася ёй паромнай пераправай, суровым кліматам, архітэктурнай лаканічнасцю. Уразілі Харватыя, Адрыятычнае мора, незвычайная прыгажосць горных масіваў; глыбокі след у сэрцы пакінула наведванне Грэцыі, Аўстрыі. Аб'яднаныя Арабскія Эміраты захапілі грандыёзнасцю створаных рукамі чалавека дзівосаў, парадкам і разнастайнай інфраструктурай. Кожная краіна прывабная і цікавая па-свойму, і аб асаблівасцях яе можна расказваць бясконца. З вандровак Людміла Іванаўна вязе дзецям, унукам, сяброўкам, родным сціплыя, але прыемныя падарункі і невычэрпны скарб уражанняў, успамінаў, якіх хапае на некалькі месяцаў; а потым зноў плануе новы маршрут. У гэтым годзе — гэта Італія, Германія, а далей будзе бачна. Цікаўлюся, ці трэба быць абавязкова багатым, каб падарожнічаць. Людміла Іванаўна, усміхаючыся, адказвае на пытанне словамі Маа Цзэдуна: "Крок за крокам можна дасягнуць мэты". І дадае: "Нават з невялікімі даходамі няцяжка сабраць патрэбную суму. З пенсіі і зарплаты адкладваю пэўную колькасць сродкаў; усё атрымаецца, калі ёсць мэта і жаданне". Сыны не пярэчаць матулінаму хобі, а яна марыць, што яе 12-гадовая ўнучка пяройме бабуліна захапленне, зразумеўшы: падарожжа — гэта не толькі вялікая прыемнасць, уражанні, а таксама добрая школа зносін, таварыскасці, кантактаў з людзьмі. Паездкі загартоўваюць характар і, што важна, напаўняюць істоту шырокім колам ведаў. Першыя крокі ў гэтым накірунку зроблены: разам з унучкай Людміла Іванаўна пераначавала нядаўна ў будынку Мірскага замка, спадзяючыся сустрэцца з прывідам, які быццам ходзіць там па начах. Праўда, яго так і не сустрэлі, але эмоцыі жывуць у душы да гэтай пары і жаданне вярнуцца ў замак ізноў.


Мабыць, шчасце заключаецца ў тым, каб заставацца чалавекам, улюбёным у жыццё, знаходзіць асалоду ў розных яго імгненнях, не даваць душы, каб яна застыла. Таму на развітане пажадала Людміле Іванаўне здзяйснення задуманых планаў, здароўя і падумала, што менавіта пра такіх, як яна, спяваецца ў папулярнай песні: "Старасць яе дома не застане..."
Галіна КАЛТУНОВА
Фота героя публікацыі