— Канстытуцыя — той дакумент, на які мы павінны раўняцца і па якім павінны жыць, — лічыць ветэран Вялікай Айчыннай вайны Вольга Іосіфаўна Хіневіч. — Яна адна і для простага чалавека, і для прадстаўніка ўлады, таму што асноўныя правы і свабоды не толькі прызнаюцца дзяржавай, але і абараняюцца ёй. У Канстытуцыі напісана, што беларусы абавязаны захоўваць памяць пра сваю гісторыю. І гэта вельмі важна, памятаць аб тым, што сфарміравала нас як нацыю, што дазваляе нам ганарова называцца беларусамі. Мы сапраўды адваявалі права людзьмі звацца. Мы заўжды былі мірнымі і хацелі толькі аднаго — жыць на сваёй зямлі, працаваць на ёй. Але ў нас хацелі адабраць гэту магчымасць. Цяпер, успамінаючы жудасныя дні і ночы вайны, партызанскае быццё, пасляваеннае аднаўленне, я разумею, што самае каштоўнае для чалавека — гэта жыццё. Дзеля яго мы змагаліся, перамаглі, аднавілі вёскі і гаспадаркі. Мы зрабілі гэта разам. Самым важным, што гарантуе нам Канстытуцыя, з’яўляецца права на жыццё. Дзяржава адказная перад намі за стварэнне ўмоў для жыцця і развіцця, але і мы павінны прыкладаць намаганні для таго, каб дзяржава магла развівацца і квітнець. Будучае за моладдзю, і яна павінна пераняць усё лепшае, чаму мы і наступныя пакаленні іх вучылі, не страціць мудрасць папярэднікаў, імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб не дапусціць паўтарэння вайны.
Я ўсё жыццё рупліва шчыравала ў калгасе, старанна выконвала свае працоўныя абавязкі, але час бярэ сваё. Лёс склаўся так, што цяпер жыву ў пансіянаце, але і тут адчуваю падтрымку дзяржавы, якая забяспечвае нам дастойнае жыццё. Дзякуючы дзяржаве і намаганням работнікаў пансіяната мы не адчуваем сябе забытымі. Нам забяспечваюць побыт, аб нас клапоцяцца. Як прыемна, калі наведваюцца вучні школ. Бачыш жывыя агеньчыкі ў іх вачах — самой хочацца ўскочыць з месца і танчыць! Не забываецца пра нас і раённая ўлада, прыязджаюць на святы, завітваюць у буднія дні.
— Дзень Канстытуцыі для мяне — асаблівы дзень, бо 15 сакавіка я адзначаю свой дзень нараджэння і заснаванне галоўнага Закона краіны, які гарантуе нам права жыць у развіваючымся грамадстве, — лічыць вучаніца 8 "А" класа СШ № 1 г.п. Карэлічы Анастасія Шпакоўская. — Нам давялося пазнаёміцца з гэтым дакументам на ўроках, падчас правядзення пазакласных мерапрыемстваў. У ім прапісаны правы і абавязкі кожнага грамадзяніна нашай рэспублікі, выбарчая сістэма, дзяржаўны лад. Асаблівая ўвага ў Канстытуцыі надаецца абароне сям’і і дзяцей. У ёй замацаваны гарантыі правоў і свабод для кожнага, а гэта важны крок на шляху да стварэння спрыяльных умоў для ўсебаковага развіцця. Я і мае аднагодкі ўпэўнены ў сваім будучым, бо Канстытуцыя гарантуе нам якасную адукацыю і магчымасць атрымання пэўнай прафесіі, першае працоўнае месца і падтрымку дзяржавы. Але і мы павінны прыкладаць усе намаганні, каб быць годнымі грамадзянамі сваёй краіны.
Канстытуцыя адыгрывае важную ролю ў забеспячэнні сацыяльнай справядлівасці і роўнасці. Яна гарантуе роўнасць усіх грамадзян перад законам і судом, незалежна ад іх полу, расы, нацыянальнасці, мовы, паходжання, становішча ў грамадстве, месца жыхарства і іншых абставінаў. Гэта спрыяе стварэнню роўных магчымасцяў для ўсіх і ўмацаванню сацыяльнай згуртаванасці.
Сяргей СТОЛЯР