Пяцьдзясят восем гадоў крочаць па жыцці разам Зінаіда Уладзіміраўна і Іван Іванавіч Башко з вёскі Некрашэвічы Турэцкага сельсавета.
Ад родных ніў...
У сям'і Башко з цеплынёй успамінаюць пра тыя далёкія гады, калі былі зусім маладыя. Хаця час быў нялёгкім, але жылі ў вёсцы дружна. У Некрашэвічах было шмат жыхароў, яны штодзень хадзілі на працу, увіхаліся па гаспадарцы, гадавалі дзяцей.
— У сям'і раслі тры сястры і я, чацвёрты, — пачынае Іван Іванавіч. — Да працы быў прывучаны з маленства, напачатку пасвіў кароў аднавяскоўцаў, затым пайшоў у паляводства. Служба ў арміі дала свой вынік: загартаваўся характар і памужнеў. Пасля арміі — зноў у калгас. Хадзіў у брыгаду, працаваў трактарыстам.
— Я таксама з Некрашэвіч, — уступае ў размову Зінаіда Уладзіміраўна і дадае, што яна расла адна ў сям'і. Жылі з мамай і яе сястрой. Калі цётцы пабудавалі хату, засталіся ўдваіх. Дзяўчынка не была абдзелена любоўю, але іншы раз зайздросціла тым, у каго былі браты і сёстры. Замужжа змяніла яе жыццё.
На ўсё жыццё
Зінаіда і Іван былі знаёмыя даўно — жылі ў адной вёсцы. Юнак быў старэйшы за дзяўчыну на шэсць гадоў. Калі пайшоў у армію, яна вучылася ў Лукскай школе. Звёў жа іх шчаслівы выпадак. Яны гулялі на адным вяселлі за шаферку і шафера. Сталы на ўрачыстаць у той час бралі ў аднавяскоўцаў. Пасля вяселля адзін з іх вярнулі ў хату Зінаіды, тады Іван не прапусціў магчымасці і прызнаўся дзяўчыне ў каханні.
— Замуж выйшла ў васямнаццаць, — успамінае Зінаіда Уладзіміраўна. — Вяселле было ў дзвюх хатах, спачатку ў нявесты, затым у жаніха...
— У 1967 годзе, — уступае ў размову Іван Іванавіч і ўдакладняе: — Вясельнікаў было шмат. Уся радня ў мяне, і ў яе ў Некрашэвічах...
Маладыя згулялі вяселле і сталі жыць у хаце жаніха разам з бацькамі. Шчыравалі ў калгасе, а дома ўвіхаліся па гаспадарцы. Яна ў той час была вялікай: каровы, свінні, куры. У працы і клопатах пачыналася іх сумеснае жыццё.
"Як любіш працу..."
Зінаіда Уладзіміраўна назвала працу няцяжкай. "У маладосці ўсё можна вытрымаць і пераадолець", — мяркуе яна і пачынае ўспамінаць, дзе ёй давялося папрацаваць. Першыя месцы — паляводства і свінаферма. Некаторы час была фуражырам, важыла бульбу, буракі, сена, сянаж. Затым у калгасе запраўляла тэхніку. Пазней выконвала абавязкі малаказборшчыцы, вяскоўцы ахвотна здавалі лішкі малака дзяржаве. Была прыбіральшчыцай і вартаўніком у мясцовай школе. На ўсё гэта жанчына адзначае: "Як любіш працу — нічога няцяжка. Усюды трэба рабіць, прыйшоў раніцай — і бярыся за справу."
Шчыра працаваў і Іван Іванавіч на працягу жыцця. Ён быў трактарыстам і выконваў розныя работы. "Сеяў, араў, стагаваў — куды пашлюць, туды ішоў. У лес ездзіў, драўніну грузіў. Шмат давялося дзе быць і што рабіць", — гаворыць хлебароб.
Жанчына ўспамінае: "Муж іншы раз так быў аддадзены рабоце, што мяшкі з бульбай дацямна маглі прастаяць на полі, якую я за дзень выкапала". Хаця на спадарожніка жыцця не ў крыўдзе: заўжды быў апорай і падтрымкай у жыцці, дапамагаў па рабоце і ў дамашніх справах. Сварыцца асабліва не было часу, трэба было працаваць, каб жыць годна і шчасліва.
На бацькоўскай зямлі
Сын Аляксандр не паспяшаўся ў горад, застаўся жыць і працаваць на бацькоўскай зямлі. Ён, як і бацька, трактарыст КУСП "Чарняхоўскі-Агра". У вёсцы Некрашэвічы мае дом і сям'ю. Жонка Іна працуе ў Лукскім Доме культуры. Яны выхавалі траіх сыноў: Дзяніса, Мішу і Сяргея, якія ўжо вызначыліся ў жыцці.
Некрашэвічы — любы сэрцу куточак для сям'і Башко. Любоў да яго не губляецца з гадамі. Жыццё ў вёсцы прадаўжаецца. Сюды прыязджаюць аўтамагазін і пошта, якія дастаяўляюць прадукты харчавання і перыядычныя выданні. Газету "Полымя" выпісваюць, каб ведаць пра раённыя навіны. У Некрашэвічах функцыянуе фельчарска-акушэрскі пункт, і гэта для яго насельнікаў важна. "Трэба, каб было здароўе — самая вялікая каштоўнасць, а яшчэ — мірнае неба", — сказалі сужэнцы.
Самым вялікім багаццем у жыцці назвалі прадаўжальнікаў роду: сына Аляксандра, дачку Святлану, пецярых унукаў і пецярых праўнукаў. Яркі факт — 6 мая споўніцца 58 гадоў, як яны крочаць па жыцці рука аб руку. Пачатак гэтаму шчасцю быў пакладзены на роднай зямлі.
На пытанне: "Што галоўнае ў жыцці?" гэтак жа аднагалосна адказалі: "Быць абярэгам адзін аднаму і падтрымліваць адзін аднаго".
І яшчэ. Як гаворыцца ў народнай прымаўцы: "Калі Бог злучыць, то ніхто не разлучыць".
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ