У аграрыяў вясна заўжды пытае строга. Вопытныя земляробы ведаюць: у вясенніх работах нельга марудзіць, неабходна карыстацца кожнай цёплай гадзінай. Аднымі з першых на Карэліччыне прыступілі да сяўбы ранніх яравых зерневых культур працаўнікі СВК “Свіцязянка-2003”.
У лічаныя дні надвор’е кардынальна памянялася. Галоўны аграном СВК “Свіцязянка-2003” Дзмітрый Волк расказвае: дзякуючы таму, што ў гаспадарцы да вясны рыхтаваліся ўсю зіму, да старту палявых работ прадпрыемства гатова. Праца на свіцязянскіх палетках ідзе поўным ходам:
— Вядзём падкормку азімых зерневых і рапсу азотам. Нягледзячы на цёплую зіму і невялікую колькасць снегу культуры перазімавалі добра. Адзіны момант — недастаткова вільгаці, таму ўсе нашы намаганні накіраваны на яе закрыццё, падкормку і пачатак вясновай сяўбы.
Да мяжы поля, дзе мы гутарым з Дзмітрыем, пад’язджае трактар “Джон Дзір 6195М”, за рулём якога механізатар Андрэй Уласевіч. Час папоўніць насенне ў бункеры сеялкі. Пакуль паток зярнятак перацякае з кузава “МАЗа”, знаёмімся з механізатарам. Андрэй Мікалаевіч шчыруе на прадпрыемстве ўжо больш за 20 гадоў, сем з іх — на “Джон-Дзіры”:
— Тэхніка выдатная. З гэтым трактарам любая работа па плячы.
На полі хутка пасеюць ячмень з падсевам люцэрны. Механізатар амаль скончыў работу. Кажа, што на добрым полі можа пасеяць да 80 га за дзень. Звычайна за змену засявае 60 га.
— Галоўнае — не спяшацца і рабіць усё правільна, — упэўнены Андрэй Уласевіч. — Нездарма кажуць, “што пасееш, тое і пажнеш”, таму нельга нарабіць памылак на полі, бо не будзе ўраджаю.
— Яравыя зерневыя пасеем за 10-12 дзён, — кажа Дзмітрый. — Затым прыступім да сяўбы кукурузы, а за ёй — буракі. Галоўнае, каб надвор’е спрыяла.
Свіцязянскім земляробам неабходна пасеяць 80 га пшаніцы, 263 ячменю (з іх 120 — піваварнага), 30 — грэчкі, 100 — гароху, 20 — белага лубіну, 30 — харчовых бабоў. На 400 га вырастуць цукровыя буракі, на 375 пасеюць аднагадовыя травы. Кукуруза на зерне будзе пасеяна на 324 га, сілас — на 700.
Па дадзеных упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання на 11 сакавіка, да сяўбы прыступілі СВК “Свіцязянка-2003” і “Жухавічы”.
Пад яравыя зерневыя і зернебабовыя ў раёне адведзена 7301 га. Пшаніца будзе пасеяна на 705 га, трыцікале — на 240, ячмень — на 1886. Пад яравы авёс адведзена 40 га, пад кукурузу на зерне — 3120, грэчку пасеюць на 150 га.
Зернебабовыя культуры плануюць пасеяць на 1160 га, з іх гарох зойме 910 га, лубін — 20, кармавыя бабы — 30, зернебабовыя сумесі — 200, соя — 200.
Пад тэхнічныя культуры адведзена 6213 га. Насенне лёну-даўгунцу пакладуць у глебу на 2150 га, цукровых буракоў — 4063.
Бульбу пасадзяць на 125 га, гародніну — 131.
Кармавыя культуры запланаваны на 13784 га, у тым ліку кукуруза на сілас — 5604, аднагадовыя травы — 1034, шматгадовыя травы — 6716, азімыя зерневыя на зернесянаж — 430.
Аграрыямі раёна падкормлена 4970 га (37%) азімых зерневых і 4020 (100%) азімага рапсу. Закрыццё вільгаці праведзена на 1715 га.
Працягваецца нарыхтоўка мінеральных угнаненняў. Гаспадаркам раёна пад яравую сяўбу неабходна падрыхтаваць 11736 тон дзеючага рэчыва мінеральных угнаенняў, у тым ліку 5423 т дз.р. азотных, 2151 т дз.р. фосфарных і 4162 т дз.р. калійных. У наяўнасці ў гаспадарках 6990 т дз.р. мінеральных угнаенняў (60%), у тым ліку 3235 т дз.р. азотных (60%), 785 т дз.р. (36%) фосфарных і 2970 т дз.р. (71%) калійных. Нарыхтавана 411,1 тыс. тон арганічных угнаенняў пры неабходнасці 511 тыс. тон. На палі вывезена 364,9 тыс. тон, унесена 171,3 тыс. тон.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара