Спецыялісты добрага настрою. Так кажуць пра работнікаў бытавога абслугоўвання. Усмешка для іх — візітная картка, а індывідуальны падыход і максімум увагі да кожнага — залог паспяховай працы. Падняць прэстыж бытавой справы, можна толькі абапіраючыся на тры кіты абслугоўвання: якасць, тэрмін і даступнасць. Так лічаць спецыялісты.
Напярэдадні прафесійнага свята работнікаў сферы бытавых паслуг карэспандэнт газеты “Полымя” пабывала на прадпрыемстве і пагутарыла з дырэктарам Карэліцкага УП КБА Алай Маковік.

— Ала Пятроўна, з якім настроем калектыў Карэліцкага камбіната бытавых паслуг сустракае сваё прафесійнае свята?
— Вядома ж, са святочным. Па выніках працы за мінулы год выручка ад рэалізацыі тавараў, прадукцыі, работ і паслуг склала 2,6 млн рублёў. Прадпрыемства працавала рэнтабельна. Атрымана чыстага прыбытку 17 тыс. рублёў. Аб'ём бытавых паслуг у дзеючых цэнах за 2024 год выкананы на 107%.
У структуры нашых паслуг ільвіная доля (53,5%) належыць майстрам цырульняў, 32% — гэта пашыў швейных вырабаў, 7% — паслугі па рэалізацыі рытуальных прыладаў, 5% — рамонт адзення і абутку.
У раёне бытавыя паслугі насельніцтву, арганізацыям і прадпрыемствам аказваюць Дом быту г.п. Карэлічы (61%), комплексны прыёмны пункт у г.п. Мір (15%) і чатыры сельскія комплексныя прыёмныя пункты (24%).
Наша прадпрыемства актыўна займаецца вытворчай дзейнасцю. За 2024 год прамысловай прадукцыі выраблена на суму 1,2 млн рублёў, што складае 118% да ўзроўню мінулага года. Штогод прадпрыемства нарошчвае аб'ёмы вытворчасці прамысловай прадукцыі. Вялікую ўвагу надаём пытанням якасці прадукцыі і сыравіны. Уся прадукцыя сертыфікавана. Працуем толькі з праверанымі вытворцамі сыравіны і матэрыялаў, перавагу заўсёды аддаём беларускаму вытворцы.
Больш за 20% аб'ёмаў вырабленай прадукцыі рэалізуецца па заяўках прадпрыемстваў і арганізацый рэспублікі, а астатняя частка – праз уласную гандлёвую сетку, выязны гандаль на прадпрыемствах краіны і праз сетку сельскіх комплексных прыёмных пунктаў. У мэтах прасоўвання выпускаемай прадукцыі ў розныя рэгіёны рэспублікі Карэліцкае УП КБА штогод прымае ўдзел у розных выставах-кірмашах, тэндэрных і электронных таргах па рэалізацыі швейных вырабаў і спецадзення.
Акрамя вытворчай дзейнасці і аказання бытавых паслуг насельніцтву, прадпрыемства актыўна развівае гандлёвую дзейнасць. Аб'ём рознічнага тавараабароту за 2024 год склаў 1,5 млн рублёў, або 58,5% ад агульнага аб'ёму выручкі ад рэалізацыі тавараў. Выручка ад выязнога гандлю на прадпрыемствах рэспублікі склала 1,1 млн рублёў, або 41% агульнага аб'ёму выручкі.

– Умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы прадпрыемства – адзін з фактараў паляпшэння якасці вырабляемай прадукцыі і паслуг, якія прадастаўляюцца спажыўцам бытавікамі. Якая праца вядзецца ў гэтым накірунку?
– Штогод шмат сродкаў накіроўваецца на паляпшэнне ўмоў працы і побыту работнікаў. За 2024 год прадпрыемства закупіла асноўных сродкаў на 22 тыс. рублёў, у тым ліку швейнага абсталявання на 20 тыс. рублёў, вылічальнай тэхнікі на 2 тыс. рублёў. На інвестыцыйныя мэты па падпраграме "Даступнасць паслуг" дзяржаўнай праграмы "Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе" на 2021-2025 гады было накіравана 20 тыс. рублёў са сродкаў мясцовага бюджэту і 2 тысячы рублёў уласных сродкаў прадпрыемства. Для паляпшэння якасці вырабляемых вырабаў і паляпшэння ўмоў працы швачак набыта 11 адзінак швейнага абсталявання.
Сапраўдны капітал любога прадпрыемства – яго людзі. На прадпрыемстве працуе 50 чалавек, і старанні кожнага ацэньваюцца па вартасці. Усе работнікі ўносяць важкі ўклад у агульную справу. Людзі дасведчаныя, неабыякавыя, творчыя, тыя, хто па-сапраўднаму любіць сваю справу.
Сёлета Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў узнагароджана прыёмшчык заказаў КПП Жухавічы Наталля Малышчык. Шматгадовая добрасумленная праца раскройшчыка швейнага цэха Ірыны Кергет адзначана Ганаровай граматай абкама прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў.
Напрыканцы размовы дырэктар Карэліцкага УКП БАН Ала Маковік павіншавала калектыў і ўсіх ветэранаў з прафесійным святам. Падзякавала за працу і пажадала здароўя і цярпення, спакою і натхнення, энергічнасці і актыўнасці. Каб кожны дзень дарыў шмат добрых слоў і прыемных імгненняў. А разам яны будуць і далей накіроўваць свае сілы на паспяховае развіццё бытавога абслугоўвання.
Анастасія Кергет — спецыяліст універсальны
У працы цырульніка, як, напэўна, ні ў якой іншай, важны нестандартны падыход, бо да яго звяртаюцца розныя кліенты. І хоць яна майстар універсальны, ёй часцей даводзіцца абслугоўваць жанчын, якія з-пад умелых яе рук выходзяць памаладзелымі. Менавіта магчымасцю ствараць прыгажосць і добры настрой прыцягнула гэта прафесія Анастасію. Марыла стаць цырульнікам з дзяцінства. Сёння маладая жанчына ўспамінае, як трэніравалася на сяброўках, робячы ім прычоскі, а потым па-дзіцячы, з вялікім задавальненнем любавалася плёнам сваёй творчасці.
Насця мясцовая, пасля заканчэння курсаў цырульніка ў сталіцы, дзе засвоіла майстэрства прыгожа падстрыгчы і зрабіць прычоску да любой урачыстасці, прыйшла працаваць у раённы Дом быту. За восем гадоў працы ўжо і вопыту назапасіла, і з колам пастаянных кліентаў-наведвальнікаў вызначылася.
– У дружным калектыве вопытных калег Ганны Логіш, Веранікі Меснікевіч, Святланы Расюкевіч праца заўсёды ў радасць, – запэўніла суразмоўца.
Закройшчык – фігура важная
Адыдзем ад знешняй прыгажосці і акунёмся ў побыт. Зазірнём ва ўладанні Ірыны Кергет, якая ўжо больш 30 гадоў працуе закройшчыкам. Яшчэ ў дзяцінстве ў яе была мара: ствараць прыгожую вопратку. Таму і вырашыла пасля школы ісці вучыцца ў Баранавіцкі тэхнікум лёгкай прамысловасці. ”Не пашкадавалі потым аб сваім выбары?” – цікаўлюся ў Ірыны Кергет. Яна ўсміхаецца: ”На шчасце, не: ні тады, ні цяпер, праз шмат гадоў”. Значыць, жанчына “патрапіла ў кропку”, а мара стала прызваннем і не проста рэалізавалася ў прафесію, а стала справай усяго яе жыцця.
Кліента трэба заваяваць
У абавязкі швачак Карэліцкага УП КБА ўваходзіць праца з кліентамі, пашыў вырабаў у цэху масавага пашыву, выкананне на машынах або ўручную аперацый па пашыве вырабаў з розных матэрыялаў, кантроль адпаведнасці колеру дэталяў, матэрыялаў, нітак. Знаёмімся з быгадзірам цэха масавага пашыву Таццянай Бязмен. Гэтай жанчыне стаць бытавіком было наканавана лёсам: дзень нараджэння і прафесійнае свята яна адзначае ў адзін дзень. Як прызнаецца сама жанчына, ніколі не думала, што будзе працаваць швачкай. З дзяцінства марыла пра сцэну. Атрымала пасведчанне аб заканчэнні музычнай школы па класе “фартэпіяна”, любіла спяваць, а пасля школы вучылася ў Гродзенскім вучылішчы культуры. Аднак жыццё часам бывае непрадказальным. І сталася так, што ўладкавалася на працу ў Карэліцкае УП БАН. Ад звычайнай швачкі вырасла да брыгадзіра цэха масавага пашыву. Праца Таццяне падабаецца. На яе думку, той, хто валодае швейным майстэрствам, у жыцці не прападзе.
Нельга напярэдадні прафесійнага свята не ўспомніць імёны тых, хто якасна абслугоўвае абсталяванне і тым самым забяспечвае бесперапынную работу прадпрыемства. Гэта слесар-наладчык Анатолій Калбаска, а таксама вопытныя і старанныя вадзіцелі Сяргея Вярбіцкі і Аляксандр Сачко, якія ажыццяўляюць выязное абслугоўванне сельскага насельніцтва, выязны гандаль па рэспубліцы, дастаўляюць тавары і сыравіну на вытворчыя падраздзяленні прадпрыемства.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара