Восьмага сакавіка наша краіна адзначае жаночы дзень. Усе любяць яго за прыемныя клопаты, за ўсмешкі нашых мам і бабуль, а значыць, усіх жанчын. Напярэдадні свята шматдзетная мама Алена Кадуцкая з г.п. Карэлічы раскрыла сакрэт сапраўднага жаночага шчасця.
Стварылі сям’ю Алена і Аляксандр Кадуцкія ў 2007 годзе. У 2008 годзе нарадзілася старэйшая дачушка Дар’я, а праз шэсць гадоў Кацярына. У 2020 годзе ячэйка грамадства папоўнілася. На свет з’явіўся сапраўдны бацькаў памочнік сыночак Дзмітрый.
Святочны дзень для Алены, як яна прызнаецца, пачнецца з добрай сямейнай традыцыі. Безумоўна, будуць шматлікія званкі ад сваякоў і знаёмых. Але першае віншаванне і вясновыя букеты кветак, вядома, матуля і дачушкі атрымаюць ад самых дарагіх і любімых — мужа і бацькі Аляксандра, сына і брата Дзмітрыя. Такая вось перавага ў гэтай шматдзетнай сям'і на карысць прыгожага полу. Потым усе разам адправяцца віншаваць сваіх матуль і бабуль.
Кожны дзень у дружнай вялікай сям'і напоўнены клопатамі і вясёлым смехам. Алене такі тэмп жыцця, як яна прызнаецца, падабаецца.
— Без дапамогі мужа, вядома, было б цяжка, — прызнаецца жанчына. — Ён з работы заўсёды спяшаецца дадому. Шмат у чым можа мяне падмяніць. На кожным этапе сталення дзяцей ён побач. Нам вельмі цікава назіраць, як яны растуць, як праяўляюцца іх характары — у кожнага свой.
Дзяўчынкі — творчыя асобы. Яны цікавяцца музыкай і цудоўна малююць. Каб удасканальваць свае навыкі, абедзве наведваюць заняткі мастацкага аддзялення Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў. Дар’я ўдзельнічае ў розных конкурсах і мае шмат узнагарод, а Кацярына пакуль што развівае талент мастака ў розных тэхніках. У малой усё яшчэ наперадзе.
Сыну Дзмітрыю чатыры гады, але ён ужо і зараз цікавіцца тэхнікай і заўсёды спяшаецца дапамагчы бацьку, калі той нешта рамантуе.
— Мацярынства навучыла мяне самаму галоўнаму — бачыць і разумець, што ў жыцці сапраўды важна, а што — другараднае. Асноўныя плюсы вялікай сям'і — вядома, самі дзеці. Гэта такія ўнікальныя і глыбокія асобы, якія заўсёды будуць часткай мяне самой. З упэўненасцю магу сказаць: дзеці — гэта вялікае шчасце, — дзеліцца суразмоўца.
У шматдзетнай сям'і Кадуцкіх аптымістычны погляд на жыццё. Ім удаецца і працаваць на карысць рэгіёна, і дзяцей выхоўваць, развіваючы іх творчыя таленты, і на ўчастку ўраджай вырошчваць. У вольны час любяць разам падарожнічаць па Беларусі, адкрываючы новыя прыгожыя месцы роднага краю, захапляюцца рыбалкай. У сям'і ёсць дом у райцэнтры, які пачалі будаваць, калі толькі стварылі сям’ю. Тады сужэнцы як маладая сям’я вырашылі скарыстаць магчымасць ільготнага крэдытавання на будаўніцтва.
Як прызнаецца Алена, вырашаць жыццёвыя праблемы дапамагае дзяржава. У сувязі з нараджэннем трэцяга дзіцяці быў прызначаны сямейны капітал. Датэрмінова пакуль не выкарыстоўвалі. Ва ўстановах адукацыі дзеці таксама карыстаюцца льготамі, якія прадугледжаны для дзяцей са шматдзетных сем’яў.
Галоўны сакрэт шчасця сям'і — працавітасць, любоў, узаемадапамога, сур'ёзнае стаўленне да любой справы і бязмежнае матчына сэрца, у якім хапае месца ўсім.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара