
Беларускі фонд міру вырашае задачы па аказанні дапамогі сацыяльна неабароненым катэгорыям грамадзян, падтрымцы ветэранаў і шматдзетных сем’яў, прапагандзе патрыятызму і нацыянальных каштоўнасцей. Фонд падтрымлівае адукацыйныя і культурныя праграмы, развіццё спорту і турызму, удзельнічае ў мерапрыемствах па захаванні гістарычнай памяці і абароны Айчыны.
Як адзначае старшыня Карэліцкага раённага аддзялення Фонду міру Ірына Асташэвіч, на рахунку арганізацыі шмат карысных спраў, многія сталі традыцыйнымі. Да прыкладу, ушаноўванне маці загінулых воінаў-афганцаў, у чыіх сэрцах на працягу многіх гадоў адбіваецца рэха страшнай вайны.
Раённы Фонд міру з года ў год прымае актыўны ўдзел у правядзенні дабрачынных акцый «Нашы дзеці» і «Збяром дзяцей у школу». Разам з прадстаўнікамі іншых грамадскіх арганізацый раёна наведалі Сацыяльна-педагагічны цэнтр Карэліцкага раёна і Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Клопат пра шматдзетныя сем’і — адзін з асноўных. Сертыфікат уручаны шматдзетнай сям’і Ігара Клімко з аграгарадка Ярэмічы.
Добрая традыцыя — узнагароджванне таленавітых і адораных вучняў школ раёна. Сярод іх — Марат Сачук з Мірскай сярэдняй школы імя Г.І. Сташэўскай і Ева Марчук з сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы. Стыпендыі Беларускага Фонду міру на выпускным балі атрымалі Алеся Зайко з сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы і Мікіта Качкарык з Цырынскай сярэдняй школы.
Да новага навучальнага года матэрыяльную падтрымку адрасавалі Красненскай сярэдняй школе і сярэдняй школе № 1 г.п. Карэлічы, у рамках акцыі «Нашы дзеці» — Палужскаму і Малюшыцкаму дзіцячым садам.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны Лейкі























